У ЗША група дэпутатаў абвясьціла аб пачатку працэдуры імпічмэнту Трампа

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп

Група прадстаўнікоў дэмакратычнай партыі ў Кангрэсе ЗША абвясьціла пра пачатак працэдуры імпічмэнту прэзыдэнта Дональда Трампа.

Шэсьць дэмакратаў на чале з сэнатарам Стывенам Коэнам апублікавалі дакумэнт, у якім абвінавацілі прэзыдэнта ў парушэньні амэрыканскай Канстытуцыі.

Аўтары ініцыятывы прыводзяць у прыклад звальненьне дырэктара ФБР Джэймса Комі, а таксама ціск на суды і органы правасудзьдзя. Група дэмакратаў таксама залічвае прэзыдэнту ў віну ўхіленьне ад публікацыі сваіх падатковых дэклярацый. Зварот кангрэсмэнаў быў перададзены ў Палату прадстаўнікоў.

Канстытуцыя ЗША прадугледжвае магчымасьць імпічмэнту прэзыдэнта. Для гэтага неабходна сабраць большасьць галасоў у Палаце прадстаўнікоў, а затым заручыцца падтрымкай дзьвюх трацін чальцоў Сэнату.

У ліпені ў Кангрэс унесьлі прапанову аб імпічмэнце, але яна не знайшла падтрымкі сярод кангрэсмэнаў. У якасьці альтэрнатывы дэмакраты прапанавалі заснаваць незалежную камісію і даручыць ёй высьветліць, ці была падчас прэзыдэнцкай гонкі змова паміж камандай Трампа і Крамлём.