«У ціхай і забытай Беларусі засноўваецца штаб-кватэра карпарацыі „Непагасны сьвет“, якая выбірае эмблемай чорны квадрат і мае за мэту ні многа ні мала — даць усяму чалавецтву шчасьце: кожнаму — пульт ад самога сябе, сваіх пачуцьцяў, настрояў і болю.
Паступова робіцца зразумела, што і ў Бога, і ў д’ябла грандыёзныя пляны наконт Беларусі. Краіна ператвараецца ў поле эпічнай бітвы зь відам на Апакаліпсіс. „Беларусалім“ — раман пра тое, што тоіць у сабе Беларусь», — так прадстаўляе свой новы эпічны твор аўтар.
Напярэдадні прэзэнтацыі Павал Севярынец адказаў на пытаньні Свабоды.
— Якая па ліку ваша новая кніга з такой загадкавай назвай — «Беларусалім»?
— Гэта ўжо дзясятая кніга. І пачынаў я з апавяданьняў. Першае апавяданьне, якое я апублікаваў у «Нашай ніве» 20 гадоў таму, у сакавіку 1997 году, называлася «Рыхтуйся!» — пра паўстаньне, што пачыналася ў Беларусі. Я быў пазаштатным карэспандэнтам газэты «Знамя юности», калі быў яшчэ студэнтам. Потым былі кнігі «Дыджэй Адраджэньня», «Пакаленьне Маладога фронту» — гэта таксама дакумэнтальныя кнігі, як і «Лісты зь лесу», «Беларуская глыбіня». Гэта модны цяпер жанр «нон-фікшн».
А мастацкая літаратура — гэта якраз апавяданьні «Рыхтуся!», «Паленьне», потым быў даволі вялікі перапынак, і вось раман «Беларусалім», які я пісаў 12 гадоў, пачынаючы з 2005-га.
— Калі вы адбывалі пакараньне на так званай «хіміі», то сапраўды там напісалі шмат. Ізаляцыя, абмежаванае кола людзей, адзінота спрыяюць натхненьню, ці пішаце ад няма чаго рабіць?
«Беларусалім» я сапраўды пісаў у сьледчым ізалятары КДБ «Амэрыканка», на сутках на Акрэсціна, на хіміі ў Малым Сітне і Купліне.
— Безумоўна, гэта вежа. Калі трапляеш фізычна ў такую абмежаваную сытуацыю, там значна больш строгі графік, больш строгі рэжым. Усё гэта дае больш плёну, чум мітусьня, калі ўварвеш увечары гадзінку, каб нешта напісаць. Трэба паглыбіцца, трэба абстрагавацца. І, як гэта ні дзіўна, хімія, турма, суткі гэтаму спрыяюць. Там проста паглыбляесься і прапрацоўваеш тое, што хочаш напісаць. А «Беларусалім» я сапраўды пісаў у сьледчым ізалятары КДБ «Амэрыканка», на сутках на Акрэсціна, на хіміі ў Малым Сітне і Купліне.
— Ваш новы раман — гэта фантастыка ці ўтопія?
— Гэта не фантастычны раман адназначна. Там фантастычнага ня больш, чым у рэальным жыцьці. Я магу гэта назваць раманам-адкрыцьцём, магу назваць гэта хрысьціянскім раманам, таму што беларускай хрысьціянскай традыцыі ўжо тысяча гадоў, пачынаючы з Эўфрасіньні Полацкай, Кірылы Тураўскага. Гэта раман пра тое, як яно можа быць найбліжэйшым часам.
У нас будзе нават адмысловая экскурсія для фундатараў па мясьцінах раману.
І таму, з аднаго боку, было цяжка, бо пісаць пра тое, што ёсьць вакол, калі яно ўсё мяняецца, складана. Нават чыста факталягічная праблема: калі я пісаў раман, падзеі адбываліся ў цэнтры гораду, дзе цяпер зьнесьлі шпіталь, у якім ляжала гераіня, пабудавалі два хмарачосы на тым месцы, дзе гуляе галоўны герой, то бок зьмянілася панарама. Але цяпер, мне здаецца, усё трапляе — на Нямізе прынамсі, дзе пачынаюцца і пастаянна перакрыжоўваюцца падзеі. У нас будзе нават адмысловая экскурсія для фундатараў па мясьцінах раману.
— А назва такая адкуль — «Беларусалім»? Ёсьць сувязь зь Ерусалімам?
— Тут два ключавыя словы: Беларусь і Ерусалім. Для вернікаў гэта адразу пападаньне ў «яблычак», яны адразу ставяць Беларусь у цэнтар іх сьветапогляду. Дарэчы, сама назва «Беларусалім» зьяўляецца толькі ў другой кнізе. У першай кнізе няма ніводнай згадкі пра гэты самы Беларусалім, гэта толькі завязка. Назва гэтая ставіць Беларусь у цэнтар сьвету. Гэта беларусацэнтрычны раман.
Вылежваецца раман, тым больш калі ён пішацца 12 гадоў.
Пісаў я яго 12 гадоў. Напісаны ўсе тры кнігі раману, але рыхтую да друку і буду прэзэнтаваць па адной. «Беларусалім. Золак» — гэта толькі першая кніга. Другая будзе праз паўтара—два гады (як з трылёгіяй «Уладар пярсьцёнкаў»). Першая частка ўжо гатовая, адшліфаваная, астатнія буду дашліфоўваць. Вылежваецца раман, тым больш калі ён пішацца 12 гадоў. Праз год-два ты ўжо бачыш, дзе і што трэба паправіць, што трэба актуалізаваць. Напрыклад, калі я пачынаў пісаць, у хаду былі пэйджэры. Цяпер гэта сьмешна гучыць, таму пэйджэры давялося прыбіраць, у хаду ўжо айфоны.
Усе часткі параўнальныя паводле зьместу: 4 разьдзелы, у кожнай кнізе па 27-28 главаў, то бок прыблізна па 400 старонак у кожнай, усяго 1200 старонак.
— Калі чытаеш цікавую кнігу, хочацца праглынуць усё адразу. А тут выйдзе першая кніга, якая заінтрыгуе чытача, а другую трэба чакаць паўтара года, фінал наагул тры гады.
Правілы сэрыялу ніхто не адмяняў. Так што тут таксама ўсё пабудавана на чаканьні працягу.
— Не, думаю, што ня зьдзек з чытача. Я спрабаваў зрабіць эпічную рэч, і яна павінна ня падаць, як глыба, а заміраць і ісьці мерным поступам, з пэўным рэхам, каб эфэкт, закладзены ўнутры, выяўляўся. Гэта ня проста тэкст, там яшчэ і свайго роду загадка: па першым рамане раскідана пару сотняў ключоў да галоўнай загадкі, якая высьветліцца ў канцы другой кнігі і разгорнецца ў трэцяй. І знайсьці іх, адгадаць, як цяпер модна казаць, квэст — гэта таксама будзе час, гэта таксама будзе праца. Правілы сэрыялу ніхто не адмяняў. Так што тут таксама ўсё пабудавана на чаканьні працягу.
— А там ёсьць нейкія рэальныя постаці, зь якіх вы пісалі раман?
— Думаю, што дзясяткі людзей, пэўна, пазнаюць сябе ў гэтым рамане, хоць супадзеньняў прозьвішчаў і па імёнаў няма. Штосьці давялося браць знутры сябе, таму што кожны герой — гэта частка самога пісьменьніка, ягоны пэўны пласт. Спадзяюся, кнігу будзе цікава чытаць сучасным беларусам, лідэрам думак.
— Ці проста цяпер выдаць такую кнігу ў Беларусі? І наколькі гэта дорага?
— Выдаць кнігу — гэта складана і дорага. Калі ты выдаесься ў недзяржаўным выдавецтве, ты мусіш ня толькі напісаць, ты мусіш сабраць грошы на выданьне і сам заняцца распаўсюдам. У выпадку зь «Беларусалімам» паўстае праблема мяккага знаку. Мала хто хоча зьвязвацца з тарашкевіцай. Нам давялося шукаць людзей, якія гэта надрукуюць. Распаўсюджваць будзем мы самі.
Сабраць на гэтую кнігу нам удалося каля 2,5 тысячы даляраў — сам бы я не пацягнуў такое выданьне. Палову сабралі беларусы замежжа, астатняе — тутэйшыя беларусы. Мы спадзяёмся, што падчас прэзэнтацыі ў Менску (таксама мы плянуем зладзіць прэзэнтацыі на працягу году ў 50 гарадах Беларусі) нам удасца сабраць грошы на выданьне наступнай кнігі.
— Што яшчэ, апрача «Беларусаліму», вы пішаеце?
— Ёсьць цэлы сьпіс. Там і кніга па займальнай геалёгіі, бо ў Беларусі гэта terra incognita. Так што мая першасная адукацыя — географа, геоляга — прабіваецца. У мяне ёсьць калекцыя з 2 тысяч камянёў Віцебшчыны, там ёсьць вырабныя, дэкаратыўныя, каштоўныя камяні.
Будзе кніга пра нацыянальную ідэю, якая ўжо цяпер высьпявае на аснове артыкулаў, якія я публікаваў.
Абавязкова павінна быць кніга пра наша дзяцінства з пляменьнікам Лявона Баршчэўскага Алегам, мы гулялі «ў дзяржавы» ў ваколіцах Віцебску. Гэтую гісторыю я таксама мару пакласьці на паперу.
Ёсьць думка выдаць і кнігу вершаў. Але галоўнае — гэта дзьве астатнія часткі «Беларусаліму».