У судзе Полацку і Полацкага раёну 10 лістапада быў вынесены прысуд у крымінальнай справе, распачатай супраць мясцовага жыхара за распаўсюд агітацыйных матэрыялаў экстрэмісцкага зьместу і парнаграфічных матэрыялаў, а таксама за незаконны выраб і захаваньне выбуховых рэчываў і самаробных выбуховых прыстасаваньняў.
34-гадовы палачанін асуджаны на 12 гадоў пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў калёніі строгага рэжыму паводле ч.1 арт.130, ч. 4 арт. 295, ч. 2 арт. 343 Крымінальнага кодэксу, паведамляе афіцыйны сайт Віцебскага абласнога суду.
Як было высьветлена судом, у 2013 годзе жыхар Полацку выехаў у Нямеччыну, дзе пазнаёміўся з уцекачамі зь ліку жыхароў Чачні і Дагестану і пад іх уплывам зьмяніў веравызнаньне — прыняў іслам. Прычым стаў вызнаваць радыкальную форму ісламу, якая спалучаецца з нецярпімасьцю да іншых рэлігій і іншых формаў ісламскага веравызнаньня, падтрымлівае ідэалёгію тэрарыстычнай арганізацыі «Ісламская дзяржава» і вядзеньне збройнага «джыхаду» супраць «няверных». Свае погляды ён прапагандаваў у сацыяльных сетках, і рабіў гэта як з-за мяжы, так і пасьля дэпартацыі ў 2015 годзе ў Рэспубліку Беларусь.
Сьледзтвам было выяўлена, што абвінавачаны, апрача распаўсюду матэрыялаў экстрэмісцкага агітацыйнага зьместу, ажыцьцяўляў і распаўсюджваньне парнаграфіі сярод карыстальнікаў сацыяльнай сеткі «УКантакце».
Паводле матэрыялаў справы, у 2016 годзе абвінавачаны пачаў актыўна цікавіцца інфармацыяй, датычнай вырабу выбуховых прыстасаваньняў — у тым ліку разьмешчанай на інфармацыйных рэсурсах тэрарыстычных арганізацый. Паводле інструкцый, знойдзеных у інтэрнэце, ён набыў кампанэнты і вырабіў выбуховае рэчыва, якое захоўваў у сваёй кватэры. Тамсама былі знойдзены гатовыя да збору часткі самаробнага выбуховага прыстасаваньня.
З улікам таго, што абвінавачаны ўжо быў неаднаразова судзімы, па сукупнасьці злачынстваў, шляхам частковага складаньня прызначаных пакараньняў палачаніна асудзілі на 12 гадоў пазбаўленьня волі, якія ён мусіць адбыць у папраўчай калёніі ва ўмовах строгага рэжыму без канфіскацыі маёмасьці.
Рашэньне суду першай інстанцыі пакуль не ўступіла ў законную сілу: абвінавачаны мае час, каб абскардзіць прысуд у абласным судзе.