Усіх фігурантаў справы «аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў» выклікалі на допыты

Ілюстрацыйнае фота

Пра гэта сайту palitviazni.info распавяла грамадзкі прадстаўнік сем’яў фігурантаў «справы патрыётаў» Ніна Шыдлоўская.

«Сілавікі пастараюцца прыгожа выйсьці з сытуацыі, — дадае Ніна Шыдлоўская. — А „прыгожа“ для сілавікоў — гэта можа быць ня вельмі добра для хлопцаў. Было б цалкам нармальна для любой цывілізаванай краіны прызнаць, што была памылкова ўзбуджаная крымінальная справа, што памылкова затрымалі людзей... Але, на жаль, у нас на такое прызнаньне спадзявацца, відаць, не даводзіцца. Таму пабачым, што зараз прыдумаюць сьледчыя, і ці дойдзе справа да суду».

Затрыманьні пачаліся пасьля заявы Аляксандра Лукашэнкі 21 сакавіка 2017 году, што ў Беларусі «затрымалі дзясяткі баевікоў», якія «трэніраваліся ў лягерах са зброяй». Цягам некалькіх дзён стала вядома пра 35 затрыманых. Спачатку паведамлялася, што справа вядзецца аб «падрыхтоўцы масавых беспарадкаў» (частка 3 артыкулу 293 Крымінальнага кодэксу), пазьней зьявілася абвінавачаньне ў «стварэньні незаконнага ўзброенага фарміраваньня і ўдзеле ў ім» (артыкул 287 КК).

Справа «Белага легіёну» — ад затрыманьняў да вызваленьняў

Паступова фігурантаў справы выпусьцілі на волю пад падпіску аб нявыезьдзе, а у чэрвені справа была перададзена ў Сьледчы камітэт Беларусі. Ня так даўно старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч заявіў, што «да канца восені ў гэтай справе будзе пастаўлена кропка».

«Наколькі мне вядома, пасьля заявы Наскевіча на працягу двух дзён усіх фігурантаў „справы патрыётаў“ адзін раз выклікалі на допыты, — кажа Ніна Шыдлоўская. — Складана сказаць, ці закончаць справу ў бліжэйшыя два тыдні, хаця ў нейкі бок яна павінна зрушыцца ў любым выпадку. Праўда, няма ніякай інфармацыі з гэтай нагоды. Усё застаецца ў падвешаным стане, і куды хісьнецца справа, нікому невядома».

Паводле Шыдлоўскай, дзяржаўныя органы ня вельмі любяць прызнаваць свае памылкі, а таму відавочна, што будуць шукаць нейкае выйсьце.