Вінцука Вячорку ўзнагародзіў чэскі Інстытут дасьледаваньня таталітарных рэжымаў. ВІДЭА

Вінцук Вячорка і перакладчыца Крысьціна Шыянок падчас цырымоніі ўзнагароджаньня.

Беларускі грамадзкі дзяяч, навуковец, палітык Вінцук Вячорка — сярод ляўрэатаў узнагароды чэскага Інстытуту дасьледаваньня таталітарных рэжымаў за свабоду, дэмакратыю і правы чалавека.

Узнагароду атрымаў таксама славацкі фатограф Тыбар Ковач, які здымаў акупацыю жніўня 1968 году і ледзьве не паплаціўся за гэта жыцьцём, і — пасьмяротна — пілёт Тугамір Сэфэравіч, які ў 1953-м быў адным з арганізатараў згону самалёта з Чэхаславаччыны на Захад.

За надзвычайныя дасягненьні ў асэнсаваньні сучаснай гісторыі узнагароджаныя таксама дзьве пісьменьніцы: Зора Дворжакава, аўтарка першай біяграфічнай кнігі пра доктарку Міладу Горакаву, якую абвінавацілі ў «буржуазным нацыяналізьме і падрыхтоўцы дывэрсійнай змовы» і пакаралі сьмерцю; і Катэрына Тучкава, якая асьвятляла некаторыя чульлівыя старонкі чэскай найноўшай гісторыі, такія як пасьляваенная дэпартацыя немцаў ды зруйнаваныя за камуністычным часам чалавечыя лёсы.

Інстытут дасьледаваньня таталітарных рэжымаў прысуджае ўзнагароды штогод. Летась да катэгорыі «за грамадзянскую мужнасьць у пэрыяд нацыстоўскай акупацыі ды камуністычнай дыктатуры» дадаліся яшчэ дзьве: «За надзвычайныя заслугі ў асэнсаваньні сучаснай гісторыі» і «За годнае перайманьне дзейнасьці ў абароне прынцыпаў дэмакратыі, свабоды і правоў чалавека», ляўрэатам якой і стаў стваральнік «Майстроўні» і сузаснавальнік БНФ Вінцук Вячорка.

Часткай урачыстай вечарыны, якая адбывалася ў будынку Сэнату, быў, як і ў ранейшыя гады, канцэрт гурту Spirituál kvintet. На акцыі прысутнічаў старшыня Сэнату Мілан Штэх. Мэдалі ўручалі старшыня рады Інстытуту дасьледаваньня таталітарных рэжымаў Эмілія Бэнэшава і кіраўнік Інстытуту Здэнэк Газдра, разам зь ім таксама Ондрэй Крайняк, які яшчэ да нядаўняга часу кіраваў славацкім Інстытутам народнай памяці.

***

Вінцук Вячорка — беларускі лінгвіст, грамадзкі дзяяч, былы старшыня БНФ. Упарадкавальнік беларускага клясычнага правапісу. Скончыў філялягічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, асьпірантуру Беларускай акадэміі навук. Чытаў лекцыі, працаваў журналістам і намесьнікам галоўнага рэдактара культурнага часопісу «Спадчына».

З 1979 году Вячорка актыўна ўдзельнічае ў нацыянальна-дэмакратычным беларускім руху, а ў 1988 годзе быў сузаснавальнікам Беларускага народнага фронту, які таксама ўзначальваў у 1999-2007 гадах.

Беларуская служба Радыё Свабода віншуе свайго сталага аўтара, вядоўцу перадачы «Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам», з узнагародай.

Кнігі:

Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам. У кнізе сабраныя нарысы пра беларускую мову, пісаныя для Радыё Свабода у 2014–2016 гг. ​

«Не сьмяшыце мае прыназоўнікі» — працяг папулярнай кнігі «Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам».