Аднак, як паведаміла ў панядзелак агенцтва Reuters, Масква сьцьвярджае, што вядзе з Вашынгтонам перамовы аб працягу мандату міжнароднай арганізацыі, якая расьсьледуе факты ўжываньня хімічных сродкаў у ваенных дзеяньнях у Сырыі.
Амэрыканскую рэзалюцыю падтрымлівае пераважная большасьць сябраў Рады Бясьпекі ААН. Пры гэтым, як адзначыў амэрыканскі дыплямат, ЗША сумленна спрабавалі адлюстраваць у дакумэнце пазыцыю расейскага боку.
Мандат на сумеснае расьсьледаваньне, якое праводзіцца ААН і Арганізацыяй па забароне хімічнай зброі (АЗХЗ), заканчваецца ў пятніцу. Раней АЗХЗ выявіла, што 4-га красавіка ў горадзе Хан-Шэйхун, сырыйская армія ўжыла забароненае атрутнае рэчыва нэрвова-паралітычнага дзеяньня зарын, ахвярамі якога сталі некалькі дзясяткаў чалавек. Дамаск адмаўляе, што падобная атака мела месца.
Расея наклала вэта на зыходную прапанову Злучаных Штатаў ад 24-га кастрычніка падоўжыць мандат ААН і АЗХЗ, спаслаўшыся на тое, што хоча спачатку азнаёміцца з высновамі новай справаздачы аб сырыйскай хімічнай зброі. Пасьля апублікаваньня справаздачы Масква ўнесла ў Раду Бясьпекі ААН ўласную рэзалюцыю, адрозную ад амэрыканскай. Прадстаўнік ЗША назваў яе контрапрадуктыўнай, паколькі яна была апублікаваная без папярэдніх кансультацыяў і ня мае ніякай падтрымкі ў Радзе Бясьпекі.