Ці апалячвае Беларусь «карта паляка»? ВІДЭА

У інтэрвію Радыё Свабода амбасадар Польшчы ў Беларусі Конрад Паўлік паведаміў, што каля 100 тысяч беларусаў атрымалі «карту паляка».

Гэтыя словы выклікалі абурэньне журналіста, актывіста польскай нацыянальнай меншасьці Анджэя Пачобута, які напісаў у фэйсбуку: «"Амбасадар Польшчы: 100 тысяч беларусаў атрымалі карту паляка". Спадар амбасадар, агучваючы падобныя цьверджаньні, вы далучаецеся да шавіністычнай плыні, якая сьцьвярджае, што ў Беларусі няма палякаў, ёсьць толькі "спалянізаваныя беларусы". Мы не беларусы! Мы палякі».

У сваю чаргу, Севярын Квяткоўскі ў сваім блогу на сайце Радыё Свабода адзначыў, што «Анджэй Пачобут блытае паняцьці «этнічнасьці» і «нацыянальнасьці».

Дык што такое «карта паляка» для грамадзянаў Беларусі? «Траянскі конь», засланы ў беларускую дзяржаву, альбо ўсяго толькі праява жаданьня Польшчы падтрымаць сваіх суродзічаў за мяжой?

У дыскусіі ўзялі удзел Дзьмітрый Гурневіч, Юры Дракахруст і Сяргей Навумчык.

Your browser doesn’t support HTML5

Ці апалячвае Беларусь «карта паляка»?

Гурневіч: Ня думаю, што амбасадар хацеў пакрыўдзіць палякаў у Беларусі. Ён меў на ўвазе менавіта іх грамадзянства, таму што ён знаходзіцца ў Рэспубліцы Беларусь, і этнічныя палякі — гэта таксама грамадзяне Беларусі. Я схільны lа таго, што калі чалавек лічыць сябе палякам, цікавіцца польскай гісторыяй, мовай — канечне, ён паляк.

Дракахруст: Як я сказаў у сваім артыкуле, гэта не «траянскі конь», а такі невялікі поні. Мяне ўразіла лічба — 100 000. Па-першае, гэта ўсяго толькі 1% насельніцтва Беларусі. А па-другое, паводле перапісу, 400 тысяч назвалі сабе палякамі — і толькі адзін з чатырох пажадаў атрымаць Карту паляка.

Навумчык: Калі я чую папрокі ў бок Польшчы, што яна хоча нешта зрабіць супраць беларускай дзяржавы, дык хачу прыгадаць, што ужо ў канцы жніўня Сойм Польскай Рэспублікі прыняў заяву, у якой гаварылася, што — цытую — «радасна вітае абвяшчэньне незалежнасьці Беларусі 25 жніўня 1991 году». Такім чынам, Польшча была першай краінай, якая прызнала беларускую Незалежнасьць.