У Барсэлёне ўвечары 11 лістапада прыхільнікі незалежнасьці Каталёніі правялі маніфэстацыю ў падтрымку каталёнскіх палітыкаў, абвінавачаных Мадрыдам ў падбухторваньні да мяцяжу. Паводле барсэлёнскай паліцыі, на вуліцы выйшлі 750 тысяч маніфэстантаў.
Удзельнікі акцыі пратэсту запатрабавалі адмяніць наўпроставае кіраваньне Мадрыда і вызваліць арыштаваных васьмярых міністраў распушчанага Гішпаніяй каталёнскага ўраду. Маніфэстанты выступілі за адмену эўрапейскага ордэра на арышт пяцёх каталёнскіх палітыкаў, якія знаходзяцца ў Бэльгіі, у тым ліку былога кіраўніка выканаўчай улады рэгіёну Карлэса Пудждэмона.
Пудждэмон зьвярнуўся 11 лістапада ў тэлевізійным эфіры з Брусэлю да ўдзельнікаў мітынгу ў Барсэлёне.
Гішпанская пракуратура абвінавачвае каталёнскіх палітыкаў у падбухторваньні да мяцяжу і растраце дзяржаўных сродкаў.