Справу супраць беларускага добраахвотніка ва Ўкраіне могуць прыпыніць, — прагназуе адвакат

Ігар Кляўко.

Беларускі добраахвотнік Ігар Кляўко, які падазраецца ў выкраданьні і наўмысным забойстве жыхара паселішча Мангуш Данецкай вобласьці, патрабуе лячэньня, а справа супраць яго можа быць прыпыненая да ягонага выздараўленьня.

Як паведаміла Свабодзе ягоная адвакатка Ірына Галоўчанка, стацыянарная псыхіятрычная экспэртыза, якую Ігар Кляўко праходзіў у Днепрапятроўскай клінічнай псыхіятрычнай бальніцы, пацьвердзіла дэпрэсіўны стан беларускага добраахвотніка.

«Ігар будзе знаходзіцца на лячэньні, а пасьля ягонага выздараўленьня суд будзе разглядаць ягоную справу. Расьсьледаваньне справы ў дачыненьні да іншых падазраваных у гэтай справе падоўжылі яшчэ на два месяцы, а тэрмін лячэньня Ігара будзе больш трывалым. Таму ягоная справа мусіць быць выдзеленая ў асобную вытворчасьць і прыпыненая на час ягонага лячэньня», — паведаміла Ірына Галоўчанка.

Паводле яе, зараз беларускага добраахвотніка перавезьлі зь Дняпра да Марыюпальскага сьледчага ізалятара. «Я зьвярнулася да вайсковай пракуратуры з заяваю, каб накіраваць Ігара Кляўка на лячэньне на падставе вынікаў экспэртызы. Згодна з працэдураю, пракуратура мае зьвярнуцца з адпаведным хадайніцтвам у суд аб прымяненьні да яго захадаў мэдыцынскага характару», — дадала адвакат.

У той жа час Ірына Галоўчанка адзначыла, што пасьля знаходжаньня ў бальніцы Ігар Кляўко аднавіў зь ёй кантакты. «Я зь ім сустракалася, мы размаўлялі, ён зараз кантактны», — паведаміла яна.

Раней Арджанікідзаўскі раённы суд гораду Марыюпалю падоўжыў арышт Ігара Кляўка да 29 лістапада і пастанавіў перавезьці яго да Днепрапятроўскай клінічнай псыхіятрычнай бальніцы для правядзеньня стацыянарнай псыхіятрычнай экспэртызы.

Ігар Кляўко, больш вядомы пад пазыўным «Леў», разам з батальёнамі «Данбас» і добраахвотніцкім украінскім корпусам «Правы сэктар» прайшоў амаль усе гарачыя кропкі антытэрарыстычнай апэрацыі на ўсходзе Ўкраіны: Арцёмаўск, Папасную, Лісічанск, Ілавайск і Пяскі.

Сёлета ў лютым яго ўзялі пад варту паводле падазрэньня ў выкраданьні і наўмысным забойстве.

У чэрвені Ігар Кляўко абвясьціў галадоўку, патрабуючы зьмены меры стрыманьня. Праз тры тыдні жонцы ўдалося пераканаць яго спыніць галадоўку.