«Прамень» і «Смалявічы СТІ» выходзяць у найвышэйшую лігу. 10 фактаў пра навічкоў

Футбалісты ФК "Прамень" сьвяткуюць выхад у Найвышэйшую лігу

Менскі клюб «Прамень» і «Смалявічы СТІ» — дзьве новыя каманды, што будуць гуляць у 2018 годзе ў найвышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі па футболе. «Прамень» гарантаваў сабе выхад яшчэ ў мінулым туры. «Смалявічы СТІ» выйшлі на другое месца пасьля сёньняшняй перамогі над «Асіповічамі». Распавядаем, што трэба ведаць навічкоў «вышкі».

«Прамень» — каманда з аматарскага чэмпіянату

11 лістапада ФК "Прамень" правёў апошнюю гульню ў Першай лізе - перайграў "Тарпэда" Менск

1. Выйшла з аматарскай лігі. Каманда нарадзілася ў 2012 годзе. Гэта была зборная «Асацыяцыі аматарскага футболу» — аматарскай футбольнай лігі Менску. У 2013 годзе клюб выступаў у другой лізе пад назвай «АЛФ-2007». У 2014 годзе ў спонсарам каманды стаў менскі гадзіньнікавы завод «Прамень». Тады ж і каманда стала называцца «Прамень». У 2016 і 2017 гадах клюб выступаў ў першай лізе.

2. Чарговы прыватны клюб у «вышцы». Цяпер у найвышэйшай лізе толькі два прыватныя клюбы — БАТЭ і «Крумкачы». «Прамень» ня мае дзяржаўнай долі ў сваім клюбе. Сёлетні бюджэт клюбу склаў 200 тысяч рублёў.

3. Была замешаная ў скандале з дамоўнымі матчамі. У 2016 годзе Галоўнае ўпраўленьне барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй выявіла злачынную групу, што праводзіла дамоўныя матчы ў футбольнм чэмпіянаце Беларусі. У ёй былі выяўленыя гульцы некалькіх камандаў, у тым ліку «Промня». Былы адміністратар каманды атрымаў два гады абмежаваньня волі, а футбалісты — вялікія штрафы. Дамоўныя матчы, у якіх перамог «Прамень», былі ануляваныя.

4. Трапіў у Найвышэйшую лігу, маючы −10 пунктаў на пачатку сэзону. «Прамень» стаў першаю камандаю першае лігі, якая гарантавала сабе выхад у вышку ў сэзоне 2018 года. 4 лістапада каманда перайграла «Ліду» і забясьпечыла сабе дастатковы адрыў, каб трапіць у найвышэйшую лігу. І гэта пры тым, што каманда пачынала сэзон з −10 пунктаў. Такое было пакараньне ад асацыяцыі «Беларуская фэдэрацыя футболу» за леташнія дамоўныя матчы «Промня».

5. Мае наймаладзейшае кіраўніцтва. «Прамень» мае вельмі маладое кіраўніцтва. Галоўнаму трэнэру Іван Біёнчыку 32 гады. Ён працуе ў камандзе ад 2013 года. Спачатку быў дарадцам трэнэра, а потым стаў галоўны трэнэрам. Дырэктару Дзьмітрыю Карпоўскаму 27 год. А кар’еру мэнэджэра ў будучым «Промні» ён пачынаў яшчэ ў 22 гады.

«Смалявічы СТІ» — былая каманда «Вігвам», што ніколі не гуляла ў найвышэйшай лізе

"Смалявічы СТІ" ў гульні супраць "Крумкачоў" у 2015 годзе

1. Раней клюб называўся «Вігвам». Каманда зьявілася ў 2009 годзе. Пад назвай «Вігвам» яна выступала ў чэмпіянаце Менскай вобласьці. У 2010-2012 гадах клюб гуляў у другой лізе. З 2012 годзе каманда называецца «Смалявічы СТІ». Тытульны спонсар — кампанія «СарматТэрмаІнжынірынг».

2. У вытокаў каманды стаяў бізнэс-анёл Аляксандар Кныровіч. Прафэсійная каманда ў Смалявічах зьявілася ў вялікай ступені дзякуючы бізнэсоўцу Аляксандру Кныровічу, вядомага падтрымкай беларускіх стартапаў і сацыяльных праектаў.

3. Трэнэрам быў Юры Пунтус. У 2011–2013 гадах галоўным трэнэрам «Смалявічаў» быў Юры Пунтус. Вядомы беларускі трэнэр, ён калісьці быў на чале зборнай Беларусі і БАТЭ.

4. Дзякуючы камандзе ў горадзе зьявіўся футбольны стадыён. У 2012 годзе ў Смалявічах адкрылі новы футбольны стадыён — «Азёрны». Ён умяшчае 1600 чалавек.

5. Былы фарм-клюб БАТЭ. У сэзоне 2016 года «Смалявічы» былі рэзэрвовым, ці фарм-клюбам барысаўскага БАТЭ. Гэта значыць, што дубль БАТЭ стаў асновай «Смалявічаў». Гэта сусьветная практыка, калі клюбы з найвышэйшых дывізіёнаў аддаюць дубль іншым камандам, каб гульцы мелі больш практыкі. Той сэзон «Смалявічы» скончылі на 8-м месцы. Але ўжо на наступны год БАТЭ адмовіўся працягваць супрацу са «Смалявічамі».

Фотагалерэя: Драматычны фінал Першай лігі. Легендарнае менскае «Тарпэда» прайграла «Промню»