У Менску 9 лістапада адкрыўся ХІІ Нацыянальны фэстываль архітэктуры. На ім выстаўленыя, сярод іншага, працы ўдзельнікаў Рэспубліканскага конкурсу на найлепшы архітэктурны твор і Міжнароднага біенале маладых архітэктараў «Леанарда-2017». Разам з архітэктарам Лявонціем Зданевічам Свабода падабралі дзесяць адметных беларускіх праектаў.
1. Аздараўленчы цэнтар з аб’ектамі грамадзка-бізнэсовага прызначэньня (Менск)
Аўтарскі калектыў пад кіраўніцтвам Барыса Школьнікава. Будаўніцтва завяршаецца ў Менску на праспэкце Пераможцаў. Чатыры будынкі аб’яднаныя графічна агульнай аднапавярховай лініяй і маюць пэўныя асацыяцыі — карабельчыкі.
2. Шматфункцыянальны гандлёва-забаўляльны комплекс з гатэлем і паркінгам (Менск)
Гэты аб’ект на праспэкце Пераможцаў, 9 разьвіваецца ў дваровую зону паміж вуліцай Мельнікайце і шпалернай фабрыкай. Гэтая тэрыторыя шмат гадоў была неарганізаваная і запушчаная. Аб’ект палепшыў схему функцыянальных, пешаходных і транспартных сувязяў. Ёсьць скразны праход з двароў непасрэдна на праспэкт. Аб’ект жыве рэальным і насычаным жыцьцём. Аўтары праекту — інстытут «Менскграмадзянпраект», архітэктурнае бюро SZK/z, а таксама «Ronesans Rusya Insaat Sanayi ve Ticaret A.S.».
3. Шматфункцыянальны комплекс «Falcon Іnvestment» (Менск)
Для гатэлю Marriott і спартовага цэнтру на праспэкце Пераможцаў знойдзена цікавае плястычнае вырашэньне. Праект аўтарства «Varabyeu Partners» ёсьць вельмі складаным, з добра зробленымі інтэр'ерамі.
4. Аўтавакзал на вуліцы Арджанікідзэ (Берасьце)
Аўтары з «Палесьсежылбуду» карэктна ставяцца да помніка архітэктуры — цяперашняга чыгуначнага вакзалу. Праект адметны інтэлігентнасьцю і прафэсійнай граматнасьцю.
5. Праект у Камянцы
Зьвяртае ўвагу правільна выбраным маштабам і нестандартным аб’ёмна-плянавальным рашэньнем. Вельмі цікава вырашаныя боксы. Архітэктар знайшоў мінімальныя сродкі, якія робяць гэты аб’ект выдатным. У цэлым стылізаванае, простае рашэньне.
6. Шматкватэрны блякаваны жылы дом (Менск)
Праект жылога дому на сталічнай вуліцы Парніковай належыць аўтарству вядомага архітэктара і дызайнэра Аляксандра Трусава. Ягоная неабыякавасьць да прафэсіі дчуваецца ў кожнай яго працы. Аб’ект вырашаны ляканічна, мінімальнымі сродкамі і мае запамінальны вобраз.
7. Рэканструкцыя нежылога будынку пад цэнтар банкаўскіх паслуг (Горадня)
Праект рэканструкцыі будынку на вуліцы Сацыялістычнай, 44 мае шмат цікавых дэталяў у стылі мадэрн, дэманструе глыбокую дэталізацыю. Аб’ект праектнага прадпрыемства «Леоле» арганічны ў кантэксьце забудовы.
8. Рэканструкцыя фізкульутрна-аздараўленчага комплексу (Салігорск)
Пры відавочна невялікіх выдатках на рэканструкцыю салігорскага ФАК санаторыі «Бярозка» даволі адчувальны архітэктурны эфэкт, ёсьць цікавыя дызайнэрскія знаходкі. Аўтар — «Брэстпраект».
9. Музэй міталёгіі (Менск)
Аўтары з прадпрыемства «Zrobym architects» спрабуюць адлюстраваць элемэнты культавай пабудовы беларусаў ды іхных поглядаў на жыцьцё. Адлюстравана дрэва жыцьця — галоўны сымбаль дахрысьціянскай веры.