Песьня

Гунар Бэрндтсан, «Песьня маладой» (1881)

Сярод вясельнага шуму засьпявала маці. Спачатку моцна і чыста. Такі голас у яе быў. Яна зацягнула старую народную вясельную і сумную песьню. І вясельле паволі суцішылася. Жартаўнікі перасталі сьмяяцца. Сур’ёзныя — размаўляць. Аматары закусіць — адклалі відэльцы.

А яна плаўна перайшла на ціці-ціхі сьпеў. Усе былі зачараваныя.

Калі песьня скончылася, на нейкі час запанавала абсалютная цішыня. А потым — воплескі.

Я ня помню словаў песьні і мэлёдыі. І сумняваюся, што нехта з прысутных тады запомніў. Адзінае згадваю дагэтуль: тады ў мяне навярнуліся сьлёзы. Ад словаў песьні, ад выкананьня, ад таго, што гэтак прасьпявала мая маці.

Сяргей Амяльчук

Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org