Некалькі дзясяткаў чалавек прысутнічалі на адкрыцьці музэю ў Косаўскім палацы. Стужку перарэзалі прадстаўнікі ўладаў ды навуковага кіраўніцтва рэстаўрацыі.


Усяго для агляду турыстамі адкрытыя 5 заляў з музэйнымі экспазыцыямі. Тут разьмешчаныя стэнды з гісторыяй роду Пуслоўскіх, краю і палаца. Уся інфармацыя на стэндах — па расейску і па-ангельску.

Адкрытая ў палацы экспазыцыя — часовая, яна будзе дзейнічаць у пэрыяд далейшай рэстаўрацыі. Прадстаўнікі ўладаў агучылі, што цалкам яе мяркуецца завяршыць у 2023 годзе. Адпаведна, павялічацца і выдаткі на аднаўленьне палаца Пуслоўскіх.
Як расказалі чыноўнікі, налета ў рэстаўрацыю плянуецца ўкласьці каля 2 мільёнаў рублёў, «што зьяўляецца вельмі вялікай сумай, калі ўлічыць, што за ўвесь час, калі палічыць, было ўкладзена 5 мільёнаў рублёў — практычна палова таго, што патрачана за 10 гадоў».
Палац каля Косава быў збудаваны ў нэагатычным стылі ў ХІХ стагодзьдзі шляхетным родам Пуслоўскіх. Ён разьмешчаны побач зь сядзібай Тадэвуша Касьцюшкі, дзе цяпер месьціцца музэй.