Скульптуру плянуецца паставіць на ягонай радзіме ў Мерачоўшчыне на Берасьцейшчыне. Ужо падпісаная адпаведная дамова на яе выраб, зробленая перадплата.
Адзін з ініцыятараў кампаніі збору сродкаў Глеб Лабадзенка ўдакладніў, што сума цалкам пакрывае выдаткі на бронзавую фігуру і часткова на пастамэнт. За аснову праекту ўзятая праца вядомага менскага скульптара Гэніка Лойкі.
«Я ўпэўнены: цяпер той момант, калі ўсё атрымаецца, — гаворыць Глеб Лабадзенка. — Таму што гэта выгадна ўсім, у тым ліку і дзяржаве. Паглядзіце, як палякі цягнуць на сябе Касьцюшку на дзяржаўным узроўні. Даўно за свайго яго лічаць амэрыканцы. Тое ж павінна быць і ў нас...»
Фармальна кампанія збору сродкаў ня скончаная: адзін з самых вядомых беларускіх тай-баксэраў, удзельнік гурту Brutto Віталь Гуркоў 10 лістапада выставіць свой шалік з выявай Пагоні і Калюмнаў на аўкцыён, а выручаныя грошы перадасьць на помнік Касьцюшку .
У праектным апісаньні на «Талацэ» акцэнтуецца, што ў Беларусі дагэтуль няма ніводнага помніка Тадэвушу Касьцюшку, калі не лічыць бюсты на тэрыторыі амэрыканскай амбасады ў Менску і ў вёсцы Малыя Сяхновічы, дзе была радавая сядзіба.
Тым часам скульптура Касьцюшкі на 200-я ўгодкі ягонай сьмерці ня так даўно адкрытая ў швайцарскім Залатурне, дзе ён памёр. Вакол гэтай падзеі ўзьнік скандал: польская амбасада ў Швайцарыі дабілася, каб на пастамэнце не было залішніх згадак пра Беларусь.
У працэсе абмеркаваньня прагучалі абсалютна справядлівыя папрокі: а ці годна беларусы шануюць памяць свайго слаўнага земляка, ці ёсьць яму помнікі на радзіме?
«Давайце пакажам, што мы нацыя, якая памятае і шануе сваіх нацыянальных герояў, слаўных сыноў нашай зямлі!», — заклікала каманда ініцыятараў кампаніі збору сродкаў на помнік у Мерачоўшчыне. Заклік быў пачуты.
Тадэвуш Касьцюшка — нацыянальны герой Беларусі, Польшчы, ЗША, ганаровы грамадзянін Францыі, кіраўнік вызвольнага паўстаньня 1794 году. Нарадзіўся 4 лютага 1746 году, памёр 15 кастрычніка 1817 году. Лічыцца адным з самых вядомых у сьвеце беларусаў. Помнікі яму стаяць у Варшаве, Кракаве, Лодзі, Бостане, Вашынгтоне, Дэтройце. Усяго па ўсім сьвеце — болей за 200 вялікіх і малых формаў.
У ягоны гонар названыя самая высокая гара ў Аўстраліі, востраў на Алясцы, акруга ў штаце Індыяна, політэхнічны ўнівэрсытэт у Кракаве, а таксама шматлікія плошчы, вуліцы, паркі розных краінаў сьвету.