Фатаздымак апублікаваў у сваім Facebook драматург Мікалай Халезін.
Чальцы журы трымаюць у руках плякаты на розных мовах з патрабаваньнем неадкладнага вызваленьня свайго калегі.
11 траўня 2014 году Алег Сянцоў выйшаў на акцыю пратэсту ў Сімфэропалі супраць расейскай анэксіі Крыму. У той жа дзень разам зь іншым актывістам Аляксандрам Кольчанкам быў затрыманы ФСБ Расеі, абодвух абвінавацілі ў «падрыхтоўцы тэрарыстычнага акту».
У прыватнасьці, Сянцова і Кольчанку падазравалі ў тым, што яны нібыта арганізавалі падпалы сімфэропальскіх офісаў «Расейскай грамады Крыму» і «Адзінай Расеі», а таксама плянавалі падарваць помнік Леніну.
25 жніўня 2015 году Паўночна-Каўкаскі акруговы вайсковы суд асудзіў Алега Сянцова да 20 гадоў строгага рэжыму, Аляксандру Кольчанку далі напалову меней — 10 гадоў строгага рэжыму.
Усясьветныя дзеячы культуры неаднаразова выказвалі салідарнасьць з асуджанымі ўкраінцамі. Упершыню публічная падтрымка выявілася падчас значнай культурніцкай імпрэзы ў Беларусі.