Тэлеканал Russia Today згадзіўся зарэгістравацца ў ЗША як «замежны агент»

Фінансаваны з расейскага бюджэту тэлеканал RT (вядомы таксама як Russia Today) будзе рэгістравацца ў ЗША ў якасьці замежнага агенту, але абскардзіць гэтае патрабаваньне ў судзе, паведаміла галоўны рэдактар RT Маргарыта Сіманьян.

«Амэрыканскі Мінюст нам не пакінуў выбару: юрысты кажуць, што калі мы не зарэгіструем як замежны агент, то кіраўнік кампаніі ў Амэрыцы можа быць арыштаваны, могуць быць арыштаваныя рахункі кампаніі, увогуле, у такой сытуацыі кампанія працаваць дакладна ня зможа», — сказала яна.

Раней тэлеканал паведаміў, што міністэрства юстыцыі ЗША запатрабавала ад яго амэрыканскага аддзяленьня RT America зарэгістравацца ў якасьці замежнага агента да панядзелка, 13 лістапада. У амэрыканскім міністэрстве заяву тэлеканалу не пракамэнтавалі.

Праблемы ў RT паўсталі на фоне расьсьледаваньня меркаванага ўмяшаньня Расеі ў амэрыканскія прэзыдэнцкія выбары 2016 году. У першай палове верасьня галоўны рэдактар RT Маргарыта Сіманьян паведаміла аб тым, што Міністэрства юстыцыі ЗША накіравала кампаніі RT America, якая абслугоўвае расейскі тэлеканал, ліст з патрабаваньнем зарэгістравацца згодна з законам ад 1938 году, які скіраваны супраць распаўсюджваньня нацысцкай прапаганды на тэрыторыі краіны.

Раней у Савеце Фэдэрацыі Расеі абмяркоўвалася пытаньне аб блякаванні на тэрыторыі Расеі замежных СМІ, у прыватнасьці, Радыё Свабода і «Голасу Амэрыкі» — «за парушэньне імі расейскага заканадаўства». Ініцыятары такога абмеркаваньня лічаць, што Раскамнагляд павінен быць ўпаўнаважаны «блякаваць такія СМІ» на тэрыторыі Расеі.