Пра гэта паведамляе ТАСС. Заяву Столтэнбэрга таксама цытуе партал tut. by:
«Мы старанна адсочвалі і маніторылі вучэньні „Захад-201“ і не заўважылі, каб Расея пакінула якія-небудзь сілы або ўзбраеньні ў зоне вучэньняў, у прыватнасьці ў Беларусі», — сказаў генэральны сакратар NATO.
Ён таксама паведаміў, што ў NATO бачылі падобныя «спэкуляцыі ў СМІ» са спасылкамі на крыніцы ў штаб-кватэры альянсу.
Вучэньні праходзілі на тэрыторыі Беларусі і Расеі з 14 па 20 верасьня сёлета. Бакі заявілі, што ў манэўрах бралі ўдзел 12 700 салдат. У NATO, дзе абапіраюцца на здымкі са спадарожнікаў, лічаць, што ў вучэньнях былі задзейнічаныя дзясяткі тысяч салдат. Пры правядзеньні манэўраў з удзелам больш як 13 тысяч неабходны ўдзел назіральнікаў Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ), якія не прысутнічалі на «Захадзе-2017».