Яшчэ ў верасьні 2014 году на партал Youtube выклалі відэа (асьцярожна, там шмат нецэнзуршчыны), на якім брыгадзірка на беларускай будоўлі б’е і абражае падначаленых. Апошнімі днямі яно зрабілася вірусным у сацыяльных сетках — выпадак абмяркоўваюць як сапраўдную катастрофу, і пры гэтым упарта ігнаруюць, што ўсё тое ж самае штодня адбываецца па ўсёй краіне.
Акт садызму чамусьці называецца выхаваньнем.
Чалавек, які мае ўладу, б’е і зьневажае тых, хто ад яго залежыць, і гэты акт садызму чамусьці называецца выхаваньнем. Калі гэта робіць брыгадзірка са сваімі падначаленымі, людзі кажуць, як гэта жахліва і недапушчальна. Але калі гэта робяць бацькі са сваімі дзецьмі, усё ўжо не так адназначна. Апытаньне 2014 году паказала, што 64,5% дзяцей у Беларусі выхоўваюцца з выкарыстаньнем гвалтоўных мэтадаў (іх б’юць і прыніжаюць словамі), і што 7,9% дарослых упэўнены ў неабходнасьці так званых цялесных пакараньняў, то бок б’юць дзяцей, абапіраючыся на пэўную ідэалягічную базу.
Але і бацькі б’юць дзяцей, і кіраўнікі і кіраўніцы б’юць падначаленых не таму, што гэта добры мэтад выхаваньня, а проста таму, што могуць. А яшчэ таму, што цьвёрда ўпэўненыя ў сваёй беспакаранасьці.
Для брыгадзіркі знаходзяць апраўданьні.
Дзеля справядлівасьці ўсё ж зазначу, што і для брыгадзіркі знаходзяць апраўданьні. Вось некалькі камэнтароў з аднаго форуму:
«Нармальна ўсё зрабіла. Відаць, што не дзеля задавальненьня рабіла, а за тое, што зрабілі нешта. На будаўніцтве любое свавольства можа да трагедыі прывесьці, і ня кожнаму росьпіс у журнале па тэхніцы бясьпекі дапаможа, да кагосьці даходзіць толькі так».
«А з рабочымі, якія ня хочуць працаваць, інакш і нельга. Затое я ўпэўнены, у яе там усе перавыконваюць пляны».
«Нармальны брыгадзір, за шчасьце працаваць у такога кіраўніка. Нікога не здала, сьмецьце з хаты не вынесла. А вось той, хто выклаў відэа — гнілаваты чалавечак».
Калі пра злачынства ніхто не даведаўся, дык яго нібыта і не было.
У апошнім камэнтары раскрываецца другая вялізная праблема нашага грамадзтва, якую прадэманстраваў гэты выпадак: вінаватым ў наступствах лічыцца ня той чалавек, які ўчыніў зло, а той, які ня стаў маўчаць. «Нельга выносіць сьмецьце з хаты» — гэта ж самае сьвятое для ўсіх агрэсараў і агрэсарак. І калі пра злачынства ніхто не даведаўся, дык яго нібыта і не было.
Мне гэта дужа нагадвае гісторыю адной маёй знаёмай, якая ў судовым парадку спрабавала дамагчыся пакараньня для былога мужа за тое, што ён яе зьбіваў. Судзьдзя ў яе запытваўся, ці разумее яна, што калі бацька яе дзяцей будзе асуджаны паводле крымінальнага артыкулу, дык дзецям будуць недаступныя пэўныя прафэсіі. Судзьдзя не казаў уласна мужчыну, што той сваімі дзеяньнямі абмяжоўвае прафэсійную будучыню сваіх дзяцей.
Брыгадзірка, якая зьбівала хлопцаў, шчыра ўпэўненая, што гэта яны вінаватыя ў тым, што ў яе цяпер праблемы на працы.
І гэтая брыгадзірка, якая зьбівала хлопцаў, шчыра ўпэўненая, што гэта яны вінаватыя ў тым, што ў яе цяпер праблемы на працы. Не яна мусіла кантраляваць сябе і разьбірацца з іх правінамі ў межах заканадаўства, а яны павінны былі маўчаць.
Мы ўсё гэта бачылі безьліч разоў, і ўбачым яшчэ неаднойчы. І пра гэты выпадак забудзем ужо празь некалькі дзён. Хіба што фэміністкам часам будуць яго нагадваць, каб патлумачыць што жанчыны таксама агрэсаркі і што трэба абараняць мужчын. Адно што нагадвальнікі звычайна ня маюць намеру нікога абараняць — большасьці зь іх нармальна жывецца ў сыстэме, дзе рэмень у руках вышэйшага ў герархіі лічыцца добрым аргумэнтам.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.