У Жыроне дэманстранты прарваліся на вакзал і спынілі рух хуткіх цягнікоў. Дзясяткі дарог перакрытыя ў раёне Барсэлёны. Таксама побач зь мяжой спынены рух на галоўнай аўтастрадзе на Францыю.
Пасьля рэфэрэндуму аб незалежнасьці ў Каталёніі ўлады Гішпаніі ўвялі ў правінцыі наўпроставае кіраваньне. Рэгіянальны ўрад і парлямэнт адправілі ў адстаўку, на канец сьнежня прызначаныя датэрміновыя выбары.
Канстытуцыйны суд Гішпаніі афіцыйна ануляваў аднабаковую дэклярацыю каталёнскага парлямэнту аб незалежнасьці, перадае Reuters.
Нацыянальны вышэйшы суд Гішпаніі выдаў міжнародны ордэр на арышт адхіленага ад улады кіраўніка Каталёніі Карлэса Пудждэмона і чацьвярых міністраў ягонага кабінэту. Супраць іх выставілі абвінавачаньні ў бунце і растраце бюджэтных сродкаў. Мадрыд накіраваў запыт на затрыманьне 5 палітыкаў у пракуратуру Бэльгіі. Каталёнскія палітыкі самі прыйшлі ў бэльгійскую паліцыю, былі арыштаваныя і неўзабаве адпушчаныя з абавязкам зьявіцца на выклік.