За недабуд у Магілёве, дзе загінуў хлопчык, адкажуць чыноўнікі

Недабудаваны дом, дзе гулялі дзеці. Фота Сьледчага камітэту

Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу супраць службовых асобаў паводле артыкула «Службовая нядбайнасьць» праз трагедыю ў Магілёве, калі бэтонная пліта перакрыцьця абрынулася на двух хлопчыкаў.

Увечары 1 лістапада на двух хлопчыкаў абрынулася бэтонная пліта ў недабудаваным доме. Хлопчык 2007 году нараджэньня загінуў, ягоны сябар 2008 году нараджэньня ў цяжкім стане трапіў у шпіталь.

Будоўля дому пачалася ў 2008 годзе незаконна. Таму ў 2010 годзе абласны Камітэт дзяржаўнага кантролю загадаў яго зьнесьці.

Нягледзячы на загад, занядбаны дом прастаяў 7 гадоў на адкрытым паветры.

Паводле Сьледчага камітэту, службовыя асобы ўпраўленьня культуры і будаўніцтва ды іншых падразьдзяленьняў Магілёўскага гарвыканкаму ня выканалі сваіх службовых абавязкаў і патрабаваньняў заканадаўства.

Адразу пасьля здарэньня быў затрыманы гаспадар дому. Цяпер ён на волі, але застаецца ў статусе падазраванага ў крымінальнай справе паводле артыкулу «прычыненьне сьмерці па неасьцярожнасьці».