Суперніцамі беларусак будуць амэрыканкі — 17-разовыя ўладальніцы гэтага ганаровага трафэю. Матчы пройдуць 11-12 лістапада на корце менскай «Чыжоўка-Арэны».
Капітан каманды Эдуард Дуброў агучыў канчатковую кадравую заяўку на гульню: Арына Сабаленка (78 месца ў адзіночным рэйтынгу), Аляксандра Сасновіч (87), Вера Лапко (131), Лідзія Марозава (478). Былая першая ракетка плянэты Вікторыя Азаранка ў Менск не прыедзе з прычыны судовага працэсу з былым цывільным мужам з нагоды апекі над іхным агульным сынам.
За амэрыканскую зборную выступяць Кока Вандэвэге (10-я пазыцыя ў сусьветным рэйтынгу), Слоўн Стывэнс (13), Шэлбі Роджэрс (59), Элісан Рыске (70). Капітанская павязка ў колішняй тэнісісткі Кэці Рэналдзі.
Капітан зборнай Беларусі: Галоўная задача — перамагчы саміх сябе
8 лістапада прайшла прэсавая канфэрэнцыя з удзелам чальцоў камандаў Беларусі і ЗША.
«Мы любім сустракацца з моцнымі камандамі, моцнымі суперніцамі, каб паказаць сябе з найлепшага боку», — пачаў гутарку з журналістамі Эдуард Дуброў.
Ён пашкадаваў, што ў такой важнай сустрэчы ня будзе Вікторыі Азаранкі, але верыць, што яна ўсёй душой перажывае за сябровак і канечне далучыцца да іх у наступным розыгрышы.
Незалежна ад выніку фінальнай сустрэчы з амэрыканкамі, новы сэзон у Кубку Фэдэрацыі беларускі пачнуць у сярэдзіне лютага налета хатнім матчам супраць суперніц зь Нямеччыны.
На пытаньне, ці лічыць ён сваіх выхаванак фаварыткамі матчу, Дуброў адказаў контравыпадам: а вы як думаеце?
«У першую чаргу кожны тэнісіст змагаецца сам з сабой, таму цяжка сказаць, хто тут фаварыт. Усё залежыць ад мноства спадарожных фактараў, але проста так адсюль ніхто ня зьедзе», — удакладніў капітан.
Пры гэтым ён лічыць, што здолеў падвесьці кожную са спартовак да піку формы, але трэба ўлічваць, што ў фінале Кубку Фэдэрацыі апрыёры няма слабых гульцоў.
Аляксандра Сасновіч два гады таму ўжо сустракалася са Слоўн Стывэнс і прымусіла тую капітуляваць. Таму небеспадстаўна спадзяецца, што хатнія сьцены дапамогуць зламаць супраціў амэрыканкі. У цяперашнім складзе беларуская каманда, на яе перакананьне, здольная дасягаць максымальных мэтаў:
«Мы не стаім на месцы і пастаянна рухаемся наперад. Таму цяперашні фінал у пэўным сэнсе заканамерны», — падсумавала Аляксандра.
Спаборніцтвы такога ўзроўню, калі яны здараюцца ў Беларусі, часьцяком наведвае Аляксандар Лукашэнка, прыходзіць у разьдзявальню, размаўляе са спартоўцамі, дае парады.
«Мы ўжо да яго прызвычаіліся, — адказаў на пытаньне пра магчымы прыход на матч Лукашэнкі Эдуард Дуброў. — Так, ён любіць прыйсьці ў разьдзявальню, каб падтрымаць. Ну а чаму не? Прыгожыя маладыя дзяўчаты. Іх гэта ні да чаго не абавязвае, але ўзровень адрэналіну падымаецца, гэта безумоўна. Таму ўсё нармальна, ніхто ня супраць».
Самы моцны парны гулец Беларусі ў жаночым тэнісе Лідзія Марозава доўгі час адсутнічала ў складзе зборнай, але спадзяецца, што нават за такі кароткі тэрмін, які выпаў на падрыхтоўку, здолела набыць неабходныя кандыцыі.
«Атмасфэра ў калектыве цудоўная, выкладаюся на 100%, — кажа Лідзія. — І я вельмі ўдзячная капітану за магчымасьць згуляць у гэтым супэрадказным матчы. Усе верым у найлепшае».
Капітан зборнай ЗША: Адаптацыя ў норме — разьлічваем на перамогу
Чаго чакаюць ад тэніснага фіналу суперніцы беларусак, распавяла капітан амэрыканскай каманды Кэці Рэналдзі. Яна найперш задаволеная тым, як праходзіць адаптацыя — галоўная перадумова для пасьпяховай гульні:
«Мы правялі тут ужо некалькі дзён, паступова прызвычайваемся да гадзіннага поясу. Разьлічваем, што за тыдзень цалкам прыстасуемся да новых умоваў. Корт адпавядае нашым запытам, таму спадзяемся на добры для нас сыход».
Не найлепш падчас апошніх турніраў пачувалася Слоўн Стывэнс, у вырашальных сустрэчах даводзілася нават дачасна здымацца з гульні. Аднак цяпер, кажа, усё нармалізавалася.
«Я шчасьлівая, што нарэшце ў нармальнай форме, — сказала амэрыканка, — таму нецярпліва чакаю бліжэйшых выходных. Спадзяюся, сваіх прыхільнікаў не расчаруем».
Адрозна ад беларусак, каманда ЗША мае вялікую лаўку рэзэрвовых гульцоў. Чаму капітанскі выбар спынены менавіта на цяперашнім складзе?
«У ЗША сапраўды вялікая колькасьць выдатных гульцоў, але мы зыходзілі найперш з аптымальнага стану гатоўнасьці кожнай тэнісісткі. Наша сёньняшняя чацьвёрка можа пасьпяхова супрацьстаяць беларускам, гэтая каманда ня менш моцная і тэхнічная», — сказала Кэці Рэналдзі.
Яна адзначыла важнасьць падзеі і сваю ролю як «ядра каманды». Хоць гэта камандавае спаборніцтва, але шмат залежыць ад індывідуальных здольнасьцяў тэнісістак.
«Нам вельмі важна заставацца адзіным калектывам, прычым ня толькі на корце, але і па-за яго межамі. Мая місія — зьяднаць каманду. І, як мне падаецца, гэта нядрэнна атрымліваецца».
У перапынках паміж адаптацыяй і трэнаваньнем амэрыканскія тэнісісткі наведалі некалькі менскіх музэяў. Экспазыцыі пакінулі «вельмі добрыя ўражаньні».
Паводле арганізатараў, на матчы Беларусь — ЗША чакаеца аншляг, усе квіткі распрададзеныя за тыдзень. Зьмяшчальнасьць арэны — амаль 9 тысяч гледачоў.
Лёсаваньне гульняў пройдзе ў менскай Ратушы 10 лістапада.