Актывістка ўкраінскай арганізацыі Femen Анжаліна Дыяш, якая знаходзіцца пад крымінальным перасьледам за акцыю перад кіраўнікамі Беларусі ды Ўкраіны, сёньня ў чырвонай хустцы і галіфэ часоў СССР забралася часткова аголенай на помнік працоўным заводу «Арсэнал» у Кіеве.
Юбілейную дату бальшавісцкай рэвалюцыі арганізацыя Femen выкарыстала супраць цяперашніх уладаў Украіны. З пастамэнту Анжаліна Дыяш заклікала аб’яднацца «пралетарыяў усіх краін», каб раздушыць «шакалядную гідру». Гэта відавочны намёк на цяперашняга прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнку, які валодае бізнэсам па вытворчасьці шакаляду.
Супраць Анжаліны Дыяш ва Ўкраіне адкрытыя дзьве крымінальныя справы. Іх дасудовае расьсьледаваньне адбывалася паасобку — паводле часткі 1 артыкулу 296 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны (хуліганства, што суправаджаецца асаблівым нахабствам і цынізмам) і паводле часткі 4 артыкулу 358 (выкарыстаньне заведама падробленага дакумэнта). Абодва гэтыя правапарушэньні караюцца як штрафам, гэтак і пазбаўленьнем волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў. Пячэрскі раённы суд Кіева прызначыў разгляд абодвух гэтых спраў на 26 сьнежня.
Сёлета ў ліпені падчас цырымоніі падпісаньня сумесных дамоваў паміж Беларусьсю і Ўкраінай у залю, дзе прысутнічалі кіраўнікі дзьвюх краінаў выбегла Анжаліна Дыяш з крыкамі «Жыве Беларусь» і такім жа надпісам на аголеных грудзях. Цягам 10 сэкундаў яе вывелі ахоўнікі, цырымонія працягнулася.
Your browser doesn’t support HTML5
Ва Ўкраіне 7 лістапада ад 2000 году не адзначаецца і ня ёсьць выходным. Аднак напярэдадні Камуністычная партыя Ўкраіны правяла урачысты сход, прымеркаваны юбілею бальшавіцкай рэвалюцыі, а ў некалькіх гарадах краіны (Чарнігаве, Мікалаеве і Херсоне) — вулічныя акцыі.