Бабуля віцебскага школьніка, які ўвасобіўся ў Леніна: Ён хацеў прыехаць з матросамі

Удзельнікі мітынгу ў Віцебску

Нават стогадовы юбілей не прымірыў паміж сабой віцебскіх камуністаў — прадстаўнікоў праўладнай Камуністычнай партыі Беларусі і апазыцыйнай Партыі левых «Справядлівы сьвет». Прадстаўнікі ўладаў і Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі таксама прыйшлі да помніка Леніну ў Віцебску асобнай групай. У выніку, на плошчы Леніна перавароту адна за адной адбыліся тры імпрэзы.

Your browser doesn’t support HTML5

15-гадовы Арцём марыць пра сацыялістычную рэвалюцыю

Першымі кветкі да помніка Леніну ўсклалі віцебскія БРСМаўцы. Потым побач з чырвонымі гвазьдзікамі і жоўтымі хрызантэмамі зьявіўся кошык са штучнымі кветкамі і подпісам на стужцы — «Ад віцебскіх бальшавікоў».

«Ад віцебскіх бальшавікоў»

Сябры апазыцыйнай Партыі левых «Справядлівы сьвет» прынесьлі вянок і ўсклалі яго асобна — пасьля кароткай прамовы старшыні абласной партыйнай арганізацыі Мікалая Сямашкі. Ён гаварыў пра тое, што 100 год таму народы Расейскай імпэрыі атрымалі незалежнасьць і пазбавіліся ад прыгнёту.

Старыя партыйцы

Акцэнты ў прамовах прадстаўнікоў КПБ былі іншыя — пра тое, што галоўным дасягненьнем Кастрычніцкага перавароту стала стварэньне СССР. І што цяпер Беларусь мусіць імкнуцца адрадзіць колішнія цесныя стасункі з Расеяй.

Выступае прадстаўнік КПБ

Калі прадстаўніцтва «Справядлівага сьвету было адносна невялікім — усяго пару дзясяткаў чалавек, пераважна сталага веку, то сябры КПБ прывялі з сабой моладзь. Настаўніца сярэдняй школы № 17 прыйшла з цэлай гурмой падлеткаў, а выкладчык Міжнароднага інстытуту працоўных і сацыяльных адносінаў прывёў студэнтаў. Некаторыя з прысутных насамрэч паверылі, што моладзь прыйшла добраахвотна, і радаваліся, што «у старых камуністаў расьце зьмена».

Віцебскі дзевяціклясьнік і сталыя прыхільнікі ленінскіх ідэй

Аднак шчырым пераймальнікам ленінскіх, камуністычных ідэяў усьведамляў сябе хіба толькі 15-гадовы Арцём, вучань 9-й клясы віцебскай гімназіі № 2. Для ўдзелу ва ўрачыстасьцях — а хлопец заставаўся на плошчы цягам усіх трох імпрэзаў — Арцём апрануўся «пад Леніна». Бракавала хіба толькі хрэстаматыйнай бародкі, але пазнавальны вобраз стваралі іншыя аксэсуары — кабат, кананічная «ленінская» кепка. А галоўнае — жэстыкуляцыя, знаёмая па фільмах «ленінскай» тэматыкі, зь якой хлопец прачытаў верш Міхаіла Ісакоўскага «25 кастрычніка 1917 году».

Арцём чытае верш

Арцём апавёў, што на мітынг прыйшоў разам з бабуляй-пэнсыянэркай. Яне не належыць ні да якой партыі, і да помніка Леніну прыйшла проста паводле старой савецкай завядзёнкі. Але ўнук хацеў бы бачыць сёньняшні дзень незвычайным, гаворыць бабуля:

«Ён хацеў разыграць сапраўдны спэктакль. Прыехаць на концы, у атачэньні рэвалюцыйных матросаў. Выступіць, як гэта рабіў Ленін. Аднак ягоныя сябры не падтрымалі такую ідэю».

На мітынгу распаўсюджвалі рукапісныя «баявыя лісткі»

Падлетак вырашыў увасобіць усё задуманае адзін: прайшоўся па горадзе да плошчы Леніна з барабанам на шыі і пад барабанны дроб. Міліцыя яго не затрымала.

Арцём з барабанам