Да 100-годзьдзя Кастрычніцкага перавароту віцебскія музэі стварылі экспазыцыі, прысьвечаныя Ўладзіміру Леніну. Набыўшы квіток коштам 1 рубель глядач можа пазнаёміцца з фондамі прыватных калекцый, сабраных аматарамі «ленінскай тэмы». Пакуль ахвотных глядзець — няшмат.
У віцебскім краязнаўчым музэі адчынілася экспазыцыя «Эпоха Леніна», куды ўвайшлі экспанаты з аднайменнай прыватнай калекцыі жыхара Полацку Мікалая Панкрата. Калекцыянэр Панкрат мае свой хатні музэй, які паводле памераў пераўзыходзіць шмат якія дзяржаўныя. Музэй называецца «Сэнс жыцьця», і гаспадар мае самыя шырокія інтарэсы што да зьбіраньня экспанатаў. Але найбольшую частку калекцыі складаюць артэфакты савецкага мінулага, і, у прыватнасьці, выявы Леніна.
У абласным краязнаўчым музэі выстаўлена ўсяго каля тысячы эксапанатаў з калекцыі Мікалая Панкрата. Гэта сьцягі, вымпелы, мэдалі і значкі, а таксама 100 скульптурных выяваў Леніна, зробленых з рознага матэрыялу — з бронзы, парцаляны, дрэва. Паводле прадметаў экспазыцыі, можна нават скласьці ўяўленьне пра біяграфію правадыра сусьветнага пралетарыяту: выявы ўвасабляюць Леніна ў розным узросьце — ад кучаравага хлопчыка да юнака з рашучым позіркам і кананічнага дзядулі з бародкай.
У пачатку экспазыцыі разьмешчаны зварот Мікалая Панкрата, дзе ён тлумачыць сэнс свайго занятку:
«Усе экспанаты музэю — гэта даніна павагі гісторыі краіны Саветаў, людзям, якія жылі ў тую эпоху, старэйшаму пакаленьню, для якога Савецкі Саюз быў і застаецца Радзімай. Пры ўсіх памылках і праліках, было шмат добрага, калі мы жылі пры сацыялізьме. Хачу, каб гэтая памяць засталася маім дзецям і ўнукам, Полацку».
На памяць гораду Віцебску сваю калекцыю значкоў з выявамі Леніна падарыў Анатоль Шэльцін, былы выкладчык акадэміі вэтэрынарнай мэдыцыны. Калекцыя доўгія гады была справай ягонага жыцьця, але прыярытэт каштоўнасьцей зьбіральніка нечакана зьмяніўся, калі ў 1997-м годзе ён вырашаў зьехаць у Ізраіль. Тады, напярэдадні 80-х угодкаў Кастрычніцкай рэвалюцыі, ён падараваў гораду сваю калекцыю «Ленініяна» з пяці тысяч значкоў — прычым ня тых, якія прадаваліся ў кожным шапіку за савецкім часам, але рэдкіх, якія выпускаліся абмежаванымі накладамі.
1776 значкоў з выявамі Леніна можна ўбачыць у складзе выставы «Калекцыя сышоўшай эпохі».
Апрача іх, Музэй прыватных калекцый уключыў у экспазыцыю зборную інсталяцыю «Працоўнае месца калекцыянэра» і інтэрактыўную забаўку для школьнікаў. Яны могуць патрэніравацца завязваць гальштук, размаляваць каляровымі алоўкамі піянэрскі значок і ўнесьці ўласныя дадаткі ў «Правілы акцябратаў». Асабліва кранальным выглядае прапанова «Не крыўдзіць маленькіх коцікаў».
Паводле музэйных супрацоўнікаў, экспазыцыі наведвае ня так шмат гледачоў, як плянавалася. Не справакаваў інтарэсу да правадыра і нядаўні скандал, калі ідэолягі «параілі» дэмантаваць выставу Цэнтру сучаснага мастацтва, бо на ёй быў прадстаўлены скульптурны партрэт Леніна, зроблены з халадца.