4 лістапада сацыял-дэмакраты прэзэнтавалі ў Магілёве эскіз манумэнта ў гонар літаратара, грамадзкага дзеяча, першага старшыні беларускага савецкага ўраду Зьмітра Жылуновіча (Цішкі Гартнага). Яны кажуць, што гарвыканкам у прынцыпе ня супраць помніка, але працэдура ўзгадненьня можа расьцягнуцца на гады.
Актывісты Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» прымеркавалі прэзэнтацыю да 130-годзьдзя Зьмітра Жылуновіча і зладзілі яе на сымбалічным месцы яго пахаваньня — непадалёк ад псыхіятрычнай лякарні, у якой у 1937 годзе ён таямніча скончыў сваё жыцьцё. Жылуновіч у 1917 годзе ачольваў Беларускую сацыялістычную грамаду, і цяперашнія сацыял-дэмакраты разглядаюць сябе, як пераемнікі той арганізацыі.
Як запэўніваў на імпрэзе першы намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Ігар Барысаў, горадабудаўнічая рада на абмеркаваньні ўспрыняла ініцыятыву станоўча, бо ў Магілёве няма помнікаў беларускім нацыянальным дзеячам. Паводле партыйца, Рада прапанавала ўсталяваць бюст Цішкі Гартнага ў цэнтры гораду на бульвары Леніна, які ў 2018 годзе зьбіраюцца рэканструяваць і пакінуць месца пад помнік.
Ігар Барысаў паведаміў, што замяніць помнік на манумэнт прапанаваў скульптар Уладзімер Конанаў, які гатовы стаць яе аўтарам. Рабочая назва трохмэтровага гранітнага манумэнта «Дрэва Жылуновіча».
«Далей гарвыканкам мае разгледзіць канцэпцыю манумэнта з прывязкай да мясцовасьці і прыняць рашэньне па ёй», — гаварыў Барысаў.
Паводле яго, сродкі на выраб і ўсталяваньне манумэнту будуць зьбірацца грамадзкасьцю. Партыец, аднак, заўважыў, што працэдура ўзгадненьня можа расьцягнуцца на гады. Ён спаслаўся на словы супрацоўнікаў аддзелу культуры гарвыканкаму, якія сказалі, што бюст герою Айчынай вайны Міхаілу Раманаву ўзгаднялі сем гадоў.
Раней грамадзкасьць дамаглася, каб у Магілёве зьявілася вуліца імя Цішкі Гартнага. Яна на ўскрайку мікрараёну Казіміраўка.
Памятны знак Цішку Гартнаму ў Пячэрскім лесапарку непадалёк ад псыхіятрычнай лякарні паставілі сябры суполкі «Мартыралёг Беларусі» у 1989 годзе. Дакладнае месца пахаваньня Жылуновіча невядомае.
У 1936 годзе Цішку Гартнага арыштавалі, а ў 1937-м назвалі псыхічна хворым і зьмясьцілі ў магілёўскую вар’ятню. У ёй Жылуновіч таямніча і загінуў. Існуюць вэрсіі самагубства і забойства.
Паводле старажылаў пасёлку Дачны, якія мяжуе зь Лесапаркам, за часамі сталінскага тэрору ў ім закопвалі расстраляных. Як кажуць старыя пасялкоўцы, пахаваньні раскіданыя па лесе. У адной з такіх магіл і маглі пахаваць Жылуновіча.