Рута Ванагайце: адкрыта прызнаюся, што памылялася

Рута Ванагайце ў Менску 2 сакавіка 2017 году

Літоўская пісьменьніца і журналістка Рута Ванагайце ў пашыраным у пятніцу лісьце прызнаецца, што памылялася, і шкадуе з прычыны «пасьпешлівых і пыхлівых камэнтароў у публічнай прасторы» ў дачыненьні да партызанскага камандзіра Адалфаса Раманаўскаса-Ванагаса. Колішняя госьця інтэлектуальнага клюбу Сьвятланы Алексіевіч прызнае, што памылялася, заяўляючы, што партызан ня быў катаваны, а спрабаваў скончыць самагубствам.

Такую рэакцыю Ванагайце выклікала апублікаванае парталам delfi. lt інтэрвію з гісторыкам Дарусам Юодзісам. Сярод іншага гісторык паведаміў інфармацыю з апэратыўных справаў КГБ, паводле якой савецкія спэцслужбы сапраўды спрабавалі вэрбаваць Адалфаса Раманаўскаса-Ванагаса ў 1945 годзе, калі ён быў настаўнікам у настаўніцкай сэмінарыі ў Алітусе. Аднойчы ягоныя вучні павесілі на бюст Леніна курыцу, і гэты жарт прыцягнуў да сябе ўвагу гэбістаў. Тыя прымусілі настаўніка даносіць на сваіх вучняў і запісалі яго ў свае агенты. Аднак ніякіх дакумэнтаў пра згоду супрацоўнічаць у справах ня знойдзена, а ў апэратыўных паведамленьнях зазначана: «Раманаўскас, агент Рагяліс, ніякай інфармацыі не перадае». Урэшце, ня вытрымаўшы ціску органаў, Адалфас Раманаўскас сыходзіць у лес да партызанаў.

У сваім лісьце Рута Ванагайце піша:

«Я не хацела скандалу. Не хацела прычыніць боль дачцэ партызанскага камандзіра і памяці яе бацькі. Яна пацярпела больш, чым можна сабе ўявіць. Я не хацела страціць свой спакой і спакой маёй сям’і. Не хацела страціць усе мае кнігі. Страціла.

Мае камэнтары прагучалі ў самым неадпаведным часе.

Мае камэнтары прагучалі ў самым неадпаведным часе — у дзень прэзэнтацыі вясёлай аўтабіяграфічнай кнігі. Насуперак таму, што сьцьвярджаецца ў тэорыях змовы, гэта было выпадковае супадзеньне і мая вялікая памылка. Яна каштавала мне вельмі дорага. Пытаньні, якія я неасьцярожна і несвоечасова ўзьняла ў сувязі з фактамі біяграфіі партызанскага камандзіра Адалфаса Раманаўскаса-Ванагаса, прагучалі як абвінавачаньні герою Літвы, і гэта выклікала велізарнае абурэньне грамадзтва. Мае словы былі прынятыя як ініцыяваны варожымі сіламі выпад супраць Літвы. Такой рэакцыі я ні ў якім разе не спадзявалася і яна мяне ўзрушыла.

Я вельмі шкадую з прычыны маіх пасьпешлівых і пыхлівых камэнтароў у публічнай прасторы.

Узрушылі мяне і факты, якія сёньня ў сваім інтэрвію адкрыў публічнасьці гісторык Д. Юодзіс, які дэтальна дасьледаваў дакумэнты. Я сапраўды пра іх ня ведала: ні пра дачыненьні партызанскага камандзіра з КГБ і ягоныя матывы, ні пра жахлівыя і працяглыя яго катаваньні. Сёньня я адкрыта прызнаю, што выказанае мною меркаваньне пра тое, што Адалфас Раманаўскас-Ванагас ня быў катаваны, а нанёс сабе пашкоджаньні сам, было цалкам памылковае, яно грунтавалася на зафіксаванай у справах хлусьні, мэтай якое было схаваць сьляды катаваньняў. Я вельмі шкадую з прычыны маіх пасьпешлівых і пыхлівых камэнтароў у публічнай прасторы.

Адалфас Раманаўскас-Ванагас

Спадзяюся, што ў Спэцыяльным архіве Літвы для публічнага прагляду калі-небудзь будуць даступныя ўсе справы: і агентурныя, і іншыя справы НКВД і КГБ, зь якімі я не магла азнаёміцца, бо яны даступныя толькі прафэсіяналам.

Веру, што толькі адкрытае праўдзе грамадзтва можа быць свабодным і непадатным на варожую прапаганду.

І ўсё ж з увагі на гэты скандал я і надалей веру, што сьпелым адкрытым дэмакратычным грамадзтвам можна лічыць тое, якое можа адгарнуць усе старонкі сваёй гісторыі, не цэнзуруючы іх, не прымяняючы для праўды крытэрыі карыснасьці. Я веру, што ў Літве знойдуцца гісторыкі, якія раскрыюць літоўскаму грамадзтву усю гістарычную праўду бяз страху і без самацэнзуры. Веру, што толькі адкрытае праўдзе грамадзтва можа быць свабодным і непадатным на варожую прапаганду.

Славуты сэміётык Альгірдас Юлюс Грэймас на пытаньне, чаму трэба навучыцца літоўскаму народу, ад чаго пазбавіцца, адказаў: «Навучыцца крытычна на сябе паглядзець і, што найважней, вытрымаць той крытычны позірк на самога сябе».

Гэтым лістом я асабіста раблю менавіта гэта,» — напісала Рута Ванагайце.

Пра што змаўчала Рута Ванагайце

Рута Ванагайце: «Мы не сасьпелі для праўды»​

«Я напісала такую кнігу, каб разбудзіць народ, каб людзі пачалі плакаць»