«Польшча размаўляе з Украінай так, як некалі Крэмль». Як Кіеў і Варшава вядуць вайну за гісторыю

Міністар замежных справаў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі заявіў, што польская зьнешняя палітыка ў дачыненьні да Ўкраіны будзе перагледжана. Паводле палітыка, украінская і польская дзяржавы маюць розныя канцэпцыі яднаньня.

Нядаўна ўкраінскі бок не дазволіў палякам праводзіць эксгумацыйныя працы на яе тэрыторыі. Вашчыкоўскі не выключыў адмены свайго візыту і візыту прэзыдэнта Анджэя Дуды ва Ўкраіну.

«Мы ўсьведамляем, наколькі важная для нас Украіна з палітычнага пункту гледжаньня, наколькі важная яе незалежнасьць, якая зьяўляецца істотным элемэнтам бясьпекі Польшчы. Аднак, украінцы, разумеючы гэта, вырашылі, што пытаньні, якія нас падзяляюць, то бок гістарычныя пытаньні, павінны адысьці на другі ці трэці плян. Але так быць ня можа», — заявіў польскі міністар.

Ён дадаў, што пачалася працэдура, якая дазваляе забараніць уяжджаць у Польшчу людзям, якія займаюць радыкальную антыпольскую пазыцыю — як простым украінскім грамадзянам, так і прадстаўнікам улады.

Пахаладаньне ў адносінах паміж Варшавай і Кіевам пачалося ў ліпені мінулага году. Сэйм Польшчы прыняў рэзалюцыю, у якой назваў валынскае злачынства генацыдам польскага народу, учыненым УПА.

Украіна пачала адказваць рэактыўна, гаворыць украінская журналістка, доктар гістарычных навук Алена Бабакова.

Алена Бабакова

«Пасьля гэтага ў Вярхоўнай Радзе хацелі прызнаць Польшчу акупантам заходнеўкраінскіх земляў і абвінаваціць палякаў у генацыдзе. Але гэтая рэзалюцыя, на шчасьце, не прайшла. Усё адбываецца сымэтрычна і сытуацыя пасьля кожнай такой заявы накручваецца», — тлумачыць украінская журналістка.

Міхал Патоцкі, публіцыст выданьня «Dziennik. Gazeta Prawna», аўтар кніг пра Ўкраіну, зьвязвае гучную заяву Вашчыкоўскана «часткай унутранай палітыкі міністра».

«У Польшчы неўзабаве чакаецца рэканструкцыя кабінэту міністраў. Вашчыкоўскага ацэньваюць як кандыдата на адстаўку. І ён такім чынам спрабуе змагацца за імідж унутры кіроўнай партыі, як рашучага змагара за краіну, якая устае з каленяў», — кажа Патоцкі.

Але польскі публіцыст пагаджаецца з тым, што ўжо шмат гадоў паміж краінамі існуе канфлікт у сфэры гістарычнай памяці, які пагоршыўся празь цяперашняе кіраўніцтва краіны — кансэрватыўную партыю «Права і Справядлівасьць».

«Але ў іншых сфэрах супрацы з Украінай у нас няма праблемаў. Міністар ясна ўчора заявіў, што ня можа быць і гаворкі пры спыненьне падтрымкі Ўкраіны ў змаганьні супраць расейскага агрэсара», — дадае публіцыст.

Міхал Патоцкі

Палякі крытычны ацэньваюць дзейнасьць украінскага Інстытуту нацыянальнай памяці і яго кіраўніка Ўладзімера Вятровіча, які не пагаджаецца з фармулёўкай «генацыд» наконт валынскага злачынства. Ён лічыць, што адбывалася польска-ўкраінская вайна паміж двума фармацыямі і ў выніку былі ахвяры сярод мірных людзей.

Рыторыку ўкраінскіх гісторыкаў Патоцкі называе спробай «устаць з каленяў». Такі ж працэс, паводле яго, адбываецца і ў Польшчы. Прыйсьці да згоды, на ягоную думку, немагчыма з прычыны бескампраміснасьці абодвух бакоў.

«Людзі, якія будуць ва Ўкраіне гістарычную палітыку, падаюць такую інтэрпрэтацыю сумеснай гісторыі, якую ніводзін польскі гісторык ня прыме. Гэта чорна-белая візія гісторыі. Жаўнераў УПА, якія адказваюць за валынскае злачынства, там паказваюць белымі. Ніводзін з польскіх урадаў, нават самы лібэральны, ня прыме такую трактоўку», — лічыць Міхал Патоцкі.

Кіраўнікі МЗС Украіны і Польшчы: Паўло Клімкін і Вітальд Вашчыкоўскі

Украінская журналістка з гэтым нязгодная. Яна кажа, што ва Ўкраіне няма адзінага погляду на сваю гісторыю, у тым ліку і на падзеі на Валыні, і што такі наратыў пакуль толькі будуецца.

«Далёка ня ўсе пагаджаюцца зь Вятровічам. Ёсьць і такія, хто супраць гераізацыі УПА. Польшча ж успрымае Вятровіча як голас усіх украінцаў», — тлумачыць Бабакова.

Словы міністра Вашчыкоўскага пра зьмену палітыкі адносна Ўкраіны Алена Бабакова ўспрымае скептычна. Яна называе польскую палітыку апошніх двух гадоў адносна Ўкраіны непасьлядоўнай.

«Тыя, хто кажа, што Польшча размаўляе з Украінай так, як некалі Крэмль, маюць рацыю. Гэта вельмі патэрналісцкі тон. Маўляў, скажыце нам, украінцы, што вы думаеце, а мы вам скажам, што вы павінны думаць. І калі вы думаеце ня так, як трэба, то вы барбары, а мы больш цывілізаваныя», — кажа журналістка.

Паводле яе, Украіне трэба абраць больш этычны падыход да таго, што адбывалася на Валыні, а Польшчы трэба перастаць размаўляць з Украінай, як з «гарэзьлівымі школьнікамі».

У выніку масавага забойства палякаў на Валыні ў 1943-44 гадах, паводле польскіх гісторыкаў, загінула каля 100 тысячаў палякаў. У выніку помсты, паводле ўкраінскіх гісторыкаў, загінула каля 24 тысячаў украінцаў.