3×3. Правілы Кірыла Рудага, якія ён прапануе пакласці ў аснову эканамічных пераўтварэньняў

Доктар эканамічных навук Кірыл Руды

На афіцыйным сайце Кастрычніцкага эканамічнага форуму, які гэтымі днямі праходзіць у Менску, выкладзены развагі сябра Рады форуму, былога прэзыдэнцкага памочніка ў эканамічных пытаньнях, а цяпер амбасадара Беларусі ў Кітаі Кірыла Рудага.

7 лістапада ў продажы зьявіцца яго новая кніга «Таму што так вырашылі мы».

Якія правілы ляжыць у аснове рашэньняў і паводзінаў у эканоміцы Беларусі?

Паводле Кірыла Рудага, у аснове рашэньняў і паводзінаў у эканоміцы Беларусі ляжаць наступныя правілы:​

№ 1. Хачу не як лепш усім, а хачу сам

Беларусы разьяднаныя. Збоку мы больш падобныя не на грамадзтва, а на сукупнасьць разьяднаных адзінак, якіх аб’ядноўвае не агульнасьць каштоўнасьцяў, а дзяржаўнасьць. Таму і эканоміка знаходзіцца ў пастаянным кантакце зь дзяржавай і не ўяўляе ні іншага жыцьця, ні іншых партнэраў. З боку дзяржавы дабрабыт успрымаецца як багацьце краіны, а не чалавека. Асноўная мэта — рост ВУП, рэзэрваў, а не жаданьне даць чалавеку зарабляць самому.

З боку насельніцтва выяўляецца «сындром здаровага сэнсу»: прыстасаваньне, крывадушнасьць, заклапочанасьць толькі сабой і сваімі рашэньнямі. Спалучэнне паказной ляяльнасьці з асабістымі інтарэсамі вядзе да таго, што пры афіцыйным падзеньні эканомікі яна працягвае расьці, але ўжо ў цені. А калі ўзмацняецца барацьба зь «ценем», гэта тычыцца асабістага, аб’ядноўвае і павялічвае сацыяльную напружанасьць.

№ 2. Не як лепш, а каб не было горш

Беларусы палахлівыя. Мы схільныя да страху і менш схільныя да рызыкі. Таму і праблемам у эканоміцы заўсёды ёсьць апраўданьне — «магло быць і горш». Такога самазаспакаеньня больш, чым шкадаваньня, «што магло быць лепш». Гэта фармуе просты выбар ад адваротнага: «рабіць трэба так, як умеем, ці ніяк», «калі не дзяржаўнае — значыць, нічыё, і зьнікне», «калі не гэтая сацыяльная сыстэма — значыць, будзе хаос і разруха» і г.д.

Характэрна, што ў правіле «каб не было горш» пункт адліку «было» з часам мяняецца. І тое, што ўчора лічылася непрымальным (падзеньне ВУП, прыбыткаў), сёньня можа стаць новай нормай. Значыць, за ёй хаваецца ня толькі эканоміка, але і ўсеагульнае жаданьне захаваць статус-кво, адчуваньне кантролю і магчымасьць рэалізаваць негалосныя дамоўленасьці.

№ 3. Хачу хутка

Беларусы псэўдаактыўныя. Мы арыентаваныя на хуткія рашэньні, сатысфакцыю агляднымі рэчамі і кароткатэрміновае плянаваньне. У асноўным рашэньні прымаюцца ў апошні момант, пад ціскам, хутка, на мяжы угадваньня. Кароткатэрміновы арыентыр фармуе схільнасьць мінімізаваць страты, а не максымізаваць прыбытак; спажываць, а не зьберагаць і інвэставаць.

Калі ў 1990-х і 2000-х спалучэньне кароткатэрміновых вынікаў (прырост ВУП, заробку, будаўніцтва аб’ектаў) давала адчуваньне стабільнага росту, то ў 2010-х запаволеньне эканомікі, інфляцыйны, пазыковы «навесы» паказалі, што доўгатэрміновы эканамічны рост — гэта «не чарада стамэтровак, а маратон».

Як прымаюцца рашэньні? Па сутнасьці, гэта важней за самі рашэньні

Доўгатэрміновыя, складаныя эканамічныя рашэньні празь недахоп кампэтэнцыі, немагчымасьць «пераварыць» усю інфармацыю, навакольную нявызначанасьць становяцца, як правіла, хаатычнымі і фармуюцца пад уплывам выпадковых падзей — настрою, пачуцьцяў, таго, што мы ў гэты момант пачуем, пабачым, каго сустрэнем, або чагосьці яшчэ, што немагчыма прадказаць.

Кароткатэрміновыя, простыя рашэньні ў эканоміцы характарызуюць лёгіку мысьленьня і фармуюцца пад уплывам культурнай матрыцы. У беларусаў гэта бачыцца пад уплывам розных фобій, памяці пра вайну, пра страту савецкіх зьберажэньняў, пра шматлікія дэвальвацыі, пад уплывам інстынкту самазахаваньня, пачуцьця ўласнасьці, моўнай атмасфэры, сямейнасьці (вузкае кола даверу). Праз агульны інфармацыйна-культурны асяродак сфармаваліся агульныя характарыстыкі — «культурны код».

№ 1. Двоедумства

Нявызначанасьць прыналежнасьці беларусаў да расейскага ці заходняга сьвету, да камунізму ці капіталізму, да дзяржавы ці рынку расшчапляе такія грамадзкія арыентыры, як эмацыянальнасьць/стрыманасьць, індывідуалізм/ калектывізм, лібэралізм/кансэрватызм, дырыжызм/аўтарытарызм (як форма патэрналізму).

Пад уплывам двоедумства прыняцьце рашэньняў нагадвае «п’яную хаду», калі кожны наступны крок не залежыць ад папярэдняга і невядомы нават таму, хто ідзе. У выніку спалучаюцца рынкавыя адносіны з адміністрацыйнымі, пераплятаюцца розныя формы ўласнасьці і сыстэмы кіраваньня, суіснуюць супярэчлівыя інструмэнты рэгуляваньня, а прагрэс дасягаецца двухсэнсоўнымі намёкамі і дзеяньнямі.

№ 2. Арыентацыя на савецкае мінулае

Для большасьці беларусаў гістарычная каштоўнасьць абмежаваная савецкім перыядам: Вялікая Айчынная вайна, аварыя на ЧАЭС, распад СССР. Пад гэтым уплывам фармуецца стаўленьне да рызыкі, прадпрымальніцтва, дзяржаўнай уласнасьці, сыстэмы кіраваньня, падтрымліваецца маштабнае мысьленьне і адначасова арыентацыя на кароткатэрміновы вынік.

Беларускае грамадзтва нагадвае выпушчаную з клеткі птушку, якая не ляціць, а змагаецца з уласным жаданьнем вярнуцца назад. Яе вабіць гіпноз памяці, звыклы лёс пакутаў, расчараваньне ад ідэалізаванай волі.

№ 3. Патэрналізм

Для беларусаў гэта прадукт культурнай дылемы: рабіць тое, што зразумела, падабаецца і адпавядае калектыўнай памяці, або тое, што невядома і не пацьвярджаецца гатоўнасьцю грамадзтва да разумнай самаарганізацыі.

Патэрналізм таксама ўмацоўваецца арыентацыяй на савецкае мінулае з выдаленым цэнтрам прыняцьця рашэньняў, пошукам краіны-апоры, ідэалізацыяй ролі асобы. Усё гэта фармуе стаўленьне да ўласнасьці, адказнасьці, ініцыятывы, кантролю.

Якія грамадзкія характарыстыкі могуць вывесьці эканоміку на агульнасусьветную магістраль «сто гадоў росту»?

Якая грамадзкія характарыстыкі могуць зьмяніць правілы паводзінаў у эканоміцы, сфармаваць агульнасьць, схільнасьць да рызыкі, доўгатэрміновае плянаваньне, «уключыць» рацыянальныя законы і вывесьці эканоміку на агульнасусьветныя магістралі «ста гадоў росту»?

№ 1. Пэўнасьць

Трэба вызначыць пазыцыю на мінулае, сучаснасьць і будучыню з агульным выбарам: камунізм або капіталізм, дзяржаўная ўласнасьць або прыватная, дырыжызм або рынак. У гэтым можа дапамагчы адназначнае разуменьне, што няма іншай эканомікі, акрамя ўсясьветнай, няма іншага вопыту, акрамя ўсясьветнага, іншай навукі, акрамя ўсясьветнай, іншых каштоўнасьцяў, акрамя ўнівэрсальных.

Гістарычная непазьбежнасьць вядзе ўсе краіны да рынкавай дэмакратыі, але толькі з рознай хуткасьцю. У беларусаў ужо склалася адназначнае непрыняцьце вайны з прычыны перажытых жахаў. Але ж страты СССР у той вайне супастаўныя з ахвярамі іншых падзеяў савецкай гісторыі: рэвалюцыі, грамадзянскай вайны, калектывізацыі, галадамору, «вялікага тэрору» ГУЛАГу. Без пэўнасьці мы ходзім па коле. Пэўнасьць фармуе сьмеласць, адкрытасьць, сапраўдную талерантнасьць, плюралізм, якія ствараюць грамадзкую энэргію для эканамічнага разьвіцьця.

№ 2. Арыентацыя на будучыню

Інэрцыйная будучыня наканаваная. Толькі арыентыр наперад выклікае надзею, што зьявіцца будучыня, якая пакуль невядомая, і ёсьць шанец пры мабілізацыі грамадзкай энэргіі, кампэтэнцыі прыцягнуць у краіну найлепшыя ўсясьветныя практыкі, капітал, якія створаць новую атмасфэру, дзе адродзіцца ўласны патэнцыял і зьявяцца нікому не вядомыя сёньня новыя пункты росту эканомікі.

Тады на зьмену «ручному» выбару прыярытэтаў і самавыканальным прароцтвам прыйдуць стратэгічная нявызначанасьць і множнасьць раўнавагаў.

№ 3. Самастойнасьць

Гэта ўсьведамленьне, што ў беларусаў ня можа быць «старэйшага брата» ні ў чыёй асобе, «ніхто нам не павінен» і «ніхто нам не дапаможа, акрамя саміх сябе».

Такі «сындром адзіночкі», фобія безабароннасьці, адчуваньне прыналежнасьці да малой краіны, імкненьне да самадастатковасьці ва ўмовах дэфіцыту рэсурсаў і ёсьць пачуцьцё незалежнасьці.

***
«Час маўчаньня прайшоў, і час казаць настаў» (Лютар, 1521). Дух рэфарматарства зноў і зноў бударажыць розумы ў спробах сфармуляваць унівэрсальныя каштоўнасьці і агульны здаровы сэнс. Але што далей?

Парадокс у тым, што калі мы адарвёмся ад тэксту, то несьвядомае вернецца і зноў захочацца, «каб не было горш», «каб было хутчэй» і «каб нехта..., а сам пабуду ў цені». Вядома, сыход ад рашэньня — гэта таксама рашэньне. А тады зьнікае права спадзявацца і чакаць, што эканоміка пасьля падзеньня стане расьці. Што эканамічныя рашэньні стануць зразумелыя ўсім. І што зьявіцца агульная грамадзкая самасьвядомасьць і на любыя пытаньні «чаму» будзе новы адказ — «таму што так вырашылі мы».