Згодна з рашэньнем уладаў, парогавае значэньне дзяржаўнага доўгу вызначана на ўзроўні 45% да ВУП. Нявырашаныя праблемы ў дзяржсэктары могуць прывесьці да таго, што паказчык перавысіць і гэтую мяжу, паведамляе БелаПАН.
У 2018 годзе Беларусі трэба накіраваць каля 3,7 млрд даляраў на выплаты дзяржаўнага доўгу, у тым ліку 2,5 млрд даляраў трэба аддаць на пагашэньне асноўнай часткі і больш за 1,2 млрд даляраў — на ягонае абслугоўваньне.
Вялікія плацяжы прымушаюць прыцягваць новыя пазыкі, каб разьлічыцца па старых абавязаньнях. Паводле інфармацыі БелаПАН, беларускія ўлады рыхтуюць справаздачу аб выкананьні ўмоваў шостага траншу крэдыту Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця, каб атрымаць чарговыя 200 мільёнаў даляраў.
«Як мяркуецца, на раду Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця пытаньне наконт шостага траншу крэдыту Беларусі можа быць вынесенае ў сьнежні», — паведаміў БелаПАН суразмоўца, знаёмы з сытуацыяй.
У 2018 годзе афіцыйны Менск разьлічвае прыцягнуць два траншы Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця (гэта ў суме 400 млн даляраў), разьмясьціць новыя выпускі валютных дзяржаўных аблігацыяў на 1 млрд даляраў, а таксама атрымаць дадатковыя пазыкі — і ўсё гэта, каб разьлічыцца па старых даўгах.
«Мы ацэньваем ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве штогадовыя плацяжы на ўзроўні 3,5 млрд даляраў — гэта вялікая сума для эканомікі краіны», — сказаў на гэтым тыдні першы намесьнік міністра фінансаў Максім Ермаловіч.
Паводле ацэнкі Мінфіну, у наступныя гады дзярждоўг будзе знаходзіцца на ўзроўні 43% да ВУП.
У 2015 годзе беларускія ўлады сьцьвярджалі бюджэтнае правіла, якое дапускала, што на 50% выплаты па дзярждоўгу павінны рэфінансавацца, а на 50% — ажыцьцяўляцца за кошт непазыковых крыніц. Меркавалася, што такі падыход прывядзе да скарачэньня дзярждоўгу, аднак гэтага не адбылося.
Паводле зьвестак Мінфіну, празь неплатаздольнасьць дзяржсектару дзяржаўны доўг Беларусі павялічыўся ў 2015-2016 гадах прыкладна на 1,8 млрд даляраў.