Да пясчанага кар’ера, што на праспэкце Дзімітрава, прыйшлі больш за тры дзясяткі актывістаў суполкі і неабыякавых грамадзян. Грамада асьвятліла пляцоўку каля крыжа зьнічамі, а сам сымбаль пакут абвязала вышыванымі бел-чырвона-белымі стужкамі.
«Сабраліся тут, каб успомніць тых, каго забілі 80 гадоў таму ў чорную ноч беларускага народу. Тады палегла наша эліта, — казаў у інтэрвію Свабодзе кіраўнік гарадзкой суполкі ТБМ Алег Дзьячкоў. — У тую ноч былі расстраляныя 132 дзеячы беларускай культуры, мастацтва ды навукі. Сярод іх былі і выхадцы з Магілёўшчыны. Мы вырашылі сёньня сабрацца ня ў цёплым офісе, а ля Крыжа ў непагадзь. Тут забітыя сотні безыменных і бязьвінных нашых суайчыньнікаў. Хто іхную памяць ушануе, як ня мы?».
Пра гісторыю мясьціны, над якой цяпер узвышаецца крыж, расказаў старшыня абласной арганізацыі ТБМ і адзін з заснавальнікаў магілёўскай філіі «Мартыралёгу Беларусі» Міхась Булавацкі. Паводле яго, праўда пра кар’ер на Дзімітрава ўскрылася ў 1987 годзе, калі адсюль бралі пясок. Была створаная камісія, якую ачоліў намесьнік старшыні Кастрычніцкага райвыканкаму Мартыненка. У кар’еры адшукалі каля ста шкілетаў. Работы спынілі, а вынікі працы камісіі засакрэцілі.
Крыж на ўскрайку кар’еру паставілі на Дзяды ў 1989 годзе, казаў людзям Булавацкі. Праз год таксама на Дзяды каля крыжа адбыўся першы мітынг, на якім прыгадалі бязьвінна забітых ў сталінскія часы людзей.
«На пачатку 1990-х гадоў улада давала гукаўзмацьняльную апаратуру. На пляцоўцы ля Крыжа сабралася на першы мітынг блізу дзьвюх тысяч чалавек. Такія афіцыйныя мітынгі праводзіліся на Дзяды да 1994 году. У 1995 годзе дазволу на мітынг не было і яго не праводзілі», — згадваў Булавацкі.
Паводле яго, у першыя гады аднаўленьня незалежнасьці Беларусі Камітэт дзяржаўнай бясьпекі супрацоўнічаў з тымі, хто зьбіраў сьведчаньні пра масавыя расстрэлы. Былі знойдзеныя чатыры мясьціны, дзе забівалі людзей, аднак толькі кар’ер на Дзімітрава КДБ прызнаў месцам расстрэлаў.
«Імёны тых, каго тут забівалі, сказалі ў КДБ, нібыта не фіксаваліся. Але, можа, некалі пра іх даведаемся», — выказаў спадзеў Міхась Булавацкі.
Паводле яго, там, дзе цяпер кар’ер, у 1930-я гады саўгасам Давыдаўка быў зроблены жывёльны могільнік, які пазьней абнесьлі плотам і паставілі ахоўніка. Штоноч сюды прывозілі людзей і стралялі іх. Тут жа закопвалі. Паводле Булавацкага, сабраныя сьведчаньні тых, хто быў міжвольным сьведкам зьнішчэньня людзей. Актывіст казаў, што забіваць у кар’еры бальшавікі пачалі ў 1921 годзе. Першымі іх ахвярамі сталі праваслаўныя сьвятары.
Каталікі ж кажуць, што ў кар’еры ў 1918 годзе бальшавікі забілі ксяндза магілёўскага касьцёла Яўгена Сьвятаполк-Мірскага. Яго расстралялі, а цела зьнявечылі штыкамі. Пасьля таго, як у Магілёў прыйшлі польскія войскі Доўнара-Мусьніцкага, цела сьвятара пахавалі на каталіцкіх могілках.
На першых мітынгах каля крыжа на ўскрайку кар’ера ўдзельнічалі праваслаўныя і каталіцкія сьвятары.
Да крыжа штогод таксама прыходзяць паасобку сваякі забітых. Кладуць вянкі, абвязваюць крыж ручнікамі.