— Што хаваецца пад чырвона-зялёнай абалонкай сучаснай Беларусі?
— Што ў сучаснай Расеі ад СССР, што — ад стагодзьдзяў дасавецкай імпэрскай традыцыі?
— Беларусь — Эўразія ці Эўропа?
Дракахруст: Савецкага больш у Беларусі
1. У сымбалічнай сфэры: Лукашэнка сьцяг мяняў — Пуцін не, Пуцін кветкі да помніку ахвярам сталінізму ускладае — Лукашэнка не.
2. У эканамічнай сфэры: у Беларусі доля прыватнага сэктару ў ВУП — 30%, у Расеі — 55%. У Беларусі 10% самых багатых багацейшыя за 10% самых бедных (так званы дэцыльны каэфіціент) у 4 разы, у Расеі — у 17 разоў.
3. У сьпісе мільярдэраў Форбса дзесяткі, калі ня сотні расейцаў, пры гэтым ніводнага беларуса. У СССР ніхто ня быў у сьпісе Форбса. Ленін, Сталін, нават Брэжнеў у пэўным сэнсе валодалі ўсім у сваёй краіне, але вялікіх прыватных капіталаў яны ня мелі.
4. Тое адмоўнае, што існуе зараз у Расеі — зьнешнепалітычныя авантуры, падаўленьне правоў чалавека — хіба гэта ад СССР? Хіба не ад стагодзьдзяў дасавецкай гісторыі?
5. У Расеі вялікая інтэлектуальная антызаходніцкая традыцыя — ад старца Філяфея, які вынайшаў формулу пра «Трэці Рым», праз Канстанціна Лявонцева, Данілеўскага і Дастаеўскага да Дугіна. У Беларусі няма такой моцнай гістарычнай антызаходняй школы. У Беларусі антызаходніцтва ўсё ж больш менавіта савецкага паходжаньня.
Дубноў: Савецкага больш у Расеі
1. Расейцы жывуць паводле прынцыпу, сфармуляванаму колішнім прэм’ерам Віктарам Чарнамырдзіным: «Ніколі не жылі добра, няма чаго і напінацца».
2. Паедзе у Польшчу беларус, дык будзе ў захапленьні. А паедзе нейкі расеец з Тамбова, дык скажа — распуста суцэльная. А вернецца, дык заўважыць — мы так ніколі жыць не будзем. І ня трэба нам.
3. У сьвеце шмат краінаў, прадстаўнікоў якіх няма ў сьпісе багацеяў, якія складае Форбс. З гэтага не вынікае, што гэтыя краіны — савецкія.
4. Дайце Лукашэнку яшчэ часу. А мяркую, што час у яго будзе. Трэба будзе — і ў Курапаты паедзе.
5. Лукашэнка стаў галоўным змагаром за сувэрэнітэт, выціснуўшы на ўзбочыну ўсіх іншых змагароў за сувэрэнітэт.