Да 500-годзьдзя беларускай Бібліі
1. Не хачу жаніцца, а хачу вучыцца
Са школы мы ведаем гэтую гісторыю. Выдатна адукаваная князёўна Прадслава адмовілася ад дынастычнага шлюбу. Насуперак волі бацькі прыняла пострыг на імя Эўфрасіньня і сышла ў манастыр, дзе прысьвяціла сябе служэньню. Далей, у залежнасьці ад ўпадабаньняў аўтара і схільнасьцяў чытачоў, гісторыя разгаліноўваецца. На рэлігійны атожылак — маладая ігуменьня шчыравала дзеля ўмацаваньня веры. Патрыятычны — дачка свайго народу занялася асьветніцтвам і мэцэнацтвам. Або фэміністычны — грамадзкая дзяячка адкрыла жаночы манастыр для вяльможных, прагных да ведаў паненак.
Гэтак абраўшы адпаведны колер і шкельца, мы асьвятлілі галоўную гераіню, ушчэнт забыўшыся на тло. Выхапіўшы самае яскравае, сакавітае, зацянілі рэшту сцэны. Зацямнілі і адрэзалі дэкарацыі, у якіх разгортвалася дзея. Неасьветленым застаўся цэлы сьвет.
2. Дык што там, па-за?
Непрыемныя навіны для інтэлігентных дзяўчат. На дварэ — ХІІ стагодзьдзе. Спадарства, не ХХ, і нават не ХVIІІ! Сярэднявечча. Пагалоўная непісьменнасьць, нават сярод князёў. Татальная полавая сэгрэгацыя. Жанчыны нават елі за асобным сталом.
Жыцьцё маладой княгіні запраграмаванае наперад. Ёй давядзецца зрабіцца сэрыйнай парадзіхай інфантаў, запраторанай у глыбіню жаночых пакояў. Атачыцца мамкамі, задаволіцца мужавым ласкавым хлебам. Для амбітнай, бліскуча выхаванай жанчыны — цёмны тунэль без канца і сьвятла.
У процівагу палацу, манастыр — сьвет адкрытых магчымасьцяў. Ня варта тут уяўляць кепска асьветленыя кельлі і нішчымны манаскі стол. Манастыр — гэта таксама цікавыя, адукаваныя суразмоўніцы, а часам суразмоўцы. Гэта кнігі. Гэта філязофія, этыка і альгебра. Гэта лаціна, грэцкая і арабская. Гэта падарожжы. Ад сучасьнікаў мы даведваемся, што Эўфрасіньня памірае падчас пілігрымкі ў Ерусаліме. Якую жонку цара або караля адпусьцілі б так далёка?
Гэта дзяржаўная служба. Дзякуючы назапашаным ведам і адукацыі, манастыры даюць паслугі ў розных сфэрах дзяржаўнай дзейнасьці: напісаньне загадаў і хронік, утрыманьне архіваў. Меркаваньне сучасных гісторыкаў, што Эўфрасіньня пэўны час кіравала з манастыра Полацкім княствам, ужо не падаецца фантастыкай.
Фраза «сыду ў манастыр» гучала тады без надрыву. Эўфрасіньня не сышла ў манастыр, а паступіла туды. Як цяпер паступаюць на магістарскую праграму ці на дзяржаўную службу. Сваім крокам Эўфрасіньня зрабіла гэтаксама, як у сьвеце, якім валодаюць мужчыны, на працягу ўсёй чалавечай гісторыі прагматычна паступалі мудрыя жанчыны. Зрабіла слушны выбар у сытуацыі бяз выбару.
3. Міс Пэрсія-650 (да н. э.)
На першы погляд біблійная Эстэр (у Скарыны Есъферъ) — поўная процівага вяльможнай Эўфрасіньні. Нацмэнка, «панаехала», сірата. Аднак Эстэр таксама дзяўчо дальнабачнае, хоць пільнуецца іншай стратэгіі выжываньня ў гэтым спрэс мужчынскім часе. У процівагу блакітнай крыві Эўфрасіньні, без дынастычнага заплечча Эстэр выбірае стаць царыцай (і заставацца ёю за ўсякую цану). У адрозьненьне ад Эўфрасіньні Эстэр няма як сысьці ў паралельную рэальнасьць.
Гісторыя такая. Пасьля паўгадовага(!) фуршэту і сямідзёнага афтэр-паці ў сваім палацы пэрсыдзкі цар Артаксэркс абвяшчае пэрсанальны конкурс прыгажосьці. Ён будзе абіраць новую першую жонку, бо папярэднюю, царыцу Астынь, ён забіў за адмову таньчыць перад гасьцямі.
Шчасьлівая пераможніца рэаліці-шоў — габрэйка Эстэр, пляменьніца дзяржчыноўніка Мардэхая. Але перад пачаткам сэкс-агледзін яе і яшчэ некалькіх сотняў прэтэндэнтак прымусілі адмакаць у духмяных ваннах. «Шэсьць месяцаў міравым алеем і шэсьць месяцаў духмянасьцямі і іншымі прыціркамі жаночымі». Год у марынадзе. Цэлы год. Менавіта тады, безвылазна марынуючыся і мімаходзь разважаючы, добра гэта ці кепска, Эстэр, мусіць, і прыняла рашэньне. Расьпешчаная, распушчаная ў вадзе паненка намысьліла дзейнічаць.
Калі мужчыны такія вар’яты, дык яна ня супраць. Эстэр будзе працаваць з тым, што ёсьць. Ладзіць жыцьцё і кар’еру ў сьвеце паранаідальнага і лёгка маніпуляванага цара Артаксэркса. У сьвеце царскага дарадцы, садыстага нарцыса Амана, а таксама пыхлівага дзядзькі Мардэхая з яго абсэсійным нежаданьнем падаць ніц перад іншаверцамі. Эстэр будзе непатрабавальнай і лагоднай жонкай, выкарыстоўваючы перавагі — прыгажосьць і маладосьць. Ня будзе вытыркацца са сваімі хоцькамі, каб заслужыць давер цара. Ня будзе тачыць язык пра таямніцы свайго паходжаньня і вызнаньня. І чакаць, чакаць свайго часу.
Эстэр згуляла ў дзіўныя, сьмерцяносныя мужчынскія гульні і перамагла. Каб занадта ня спойлерыць, перанясемся да самага канцы гісторыі. Эстэр заваёўвае яшчэ большую прыхільнасьць у свайго венцаноснага мужа, дабіваецца ўзвышэньня Мардэхая, а Аман і якія зь ім — боўтаюцца на вяроўках.
4. Міт
Эстэр — не прыхільніца эмансыпацыі. Як на добры лад, дык сапраўднай іконай жаночага руху мусіць тут стаць царыца Астынь, а не Эстэр.
«На сёмы дзень, калі разьвесялілася сэрца ў цара ад віна, ён сказаў… каб прывялі царыцу Астынь перад абліччам цара ў царскай кароне, каб паказаць народам і князям прыгажосьць яе… …Але царыца Астынь не захацела прыйсьці па загадзе цара, абвешчаным празь эўнухаў». (Эстэр 1:10–12)
Цар, былы конюх і забойца бацькі Астынь, які п’яным голасам патрабуе танцаў царыцы (можа быць, толькі ў адной кароне); каламутныя вочы яго сябрукоў. Царыца, якая са зьледзянелым ад жуды сэрцам кажа лёсавызначальнае «не», царскі гнеў, які ідзе сьледам за адмовай… Пачуўшы пра пакараньне, растыражаванае па імпэрыі дзеля настаўленьня непакорных жонак, Эстэр добра засвойвае, які лёс чакае бунтарак. Стаўшы царыцай, яна давеку адмовіцца ад адкрытага процістаяньня.
Не ўвасабляе Эстэр і гонар паняволенага народу. Яна ня толькі бясконца падае ніц перад царом, сьпіць з іншаземцам, а з гледзішча сьвятароў яшчэ горш — як падалей хавае сваю рэлігійную прыналежнасьць (напрыклад, мяняе імя з ханаанскага Гадасы на пэрсыдзкае Эстэр, у гонар язычніцкай багіні Іштар).
5. Womenpower
Але маладая Эстэр моцная ў пралічваньні і лічэньні. Тое, што з млявым і старым царом ня здолелі зрабіць зламысьнікі, зробяць празьмернасьць і вялікія гады. Яна занятая думкамі пра Дарыя ІІ, ейнага сына, будучага пэрсыдзкага валадара. Эстэр ясна бачыць, як стоячы па правую руку ад трону маладога манарха, яна надыктоўвае прыдворным пісцам новы разьдзел царскай хронікі, які будуць менаваць гэтак — «Кніга Эстэр».
Праз два тысячагодзьдзі, ужыўшы сваю далучанасьць да пісьменьніцкага цэху, Прадслава парупіцца пра стварэньне «Жыція Эўфрасіньні Полацкай». А таксама падбае пра выкшталцоны крыж, які з нашчадкаў ніхто чамусьці не мянуе «крыжом Лазара Богшы».