25 фактаў да 25-годзьдзя на сцэне Зьмітра Вайцюшкевіча

Зьміцер Вайцюшкевіч

2 лістапада беларускі сьпявак Зьміцер Вайцюшкевіч адзначыць 25-годзьдзе ўласнай творчасьці на сцэне канцэртнай залі «Менск». Напярэдадні вялікага сольнага канцэрту, першага такога кшталту пасьля шасьці гадоў неафіцыйных забаронаў, Свабода пагутарыла з музыкам ды сабрала 25 фактаў пра ягоную творчасьць і жыцьцё.

  1. Музыка нарадзіўся ў мястэчку Бярозаўка пад Лідай і паходзіць з дынастыі шкляроў.
  2. Дзед па маці Імполь Конан

    Дзед па маці Імполь Конан пачынаў вайну ў складзе Войска Польскага, а потым быў у савецкіх партызанах, атрымаў мэдаль «За адвагу». Просты селянін. Казалі, што быў вельмі дужы. Але памёр ад ранаў неўзабаве пасьля вайны.
  3. Маці сьпевака гандлявала прадуктамі на адзіным у Бярозаўцы пункце з разьліўным півам і марозівам. Дзякуючы гэтаму Зьміцер еў марозіва колькі хацеў. Бацька працаваў на шклозаводзе «Нёман» шкляром, пры гэтым быў вядомым самадзейным артыстам. Ён сьпяваў, граў на гітары і ў аркестры на тубе. Калі Зьмітру было 3,5 года, бацьку насьмерць зьбіў матацыкліст.

    Зьміцер Вайцюшкевіч з маці


  4. У дзяцінстве добра вучыўся, але быў гарэзьлівы. Разам зь сябрам у другой клясе выпадкова спаліў драўляныя суседзкія пабудовы. Але абодва гадаваліся без бацькаў, таму моцна караць іх ня сталі. Замест спаленых пабудоў шклозавод «Нёман» пабудаваў цагляныя, і ўжо людзі зь іншых двароў жартам прасілі падпаліць паветкі ім. У школе за гэты выпадак настаўніца называла яго «падпальшчыкам».
  5. Музычны шлях Вайцюшкевіча пачаўся з паступленьня ў 1986 годзе ў Лідзкае музычнае вучылішча на спэцыяльнасьць «клярнэт».

    Зьміцер (зьлева) ў юнацкія гады

    Вышэйшую музычную адукацыю ён атрымаў у Інстытуце культуры (1991-1995), хоць дагэтуль беспасьпяхова спрабаваў паступіць у кансэрваторыі ў Ленінградзе і Менску.
  6. На апошніх курсах ва ўнівэрсытэце спрабаваў наладзіць уласны бізнэс, зьвязаны са шклом. Ролю адыграла ня толькі дынастычнасьць, але і тое, што маці атрымлівала свой заробак на заводзе хрусталём. Скончылася ўсё пасьля затрыманьня супрацоўнікамі АБЭП.
  7. Першы сцэнічны музычны досьвед атрымаў падчас удзелу ў конкурсе нацыянальнай песьні і паэзіі (правобраз маладэчанскага фэстывалю маладых выканаўцаў) у складзе трыё са сваімі старымі сябрамі зь Ліды.
  8. Першы запіс як вакаліст зрабіў у 1992 годзе — на звычайны магнітафон падчас рэпэтыцый «Палаца».

    Зьміцер Вайцюшкевіч (у цэнтры) у «Палацы»

  9. Сваю ўласную песьню («Зоя») Вайцюшкевіч упершыню выканаў у 1997 годзе, дагэтуль былі толькі перапевы.
  10. Першы музычны гурт сьпевака — «Палац». Зьміцер выступаў у ім у з 1992-га па 1997 год. На той момант гэта быў ці ня самы вядомы беларускі фольк-гурт пасьля «Песьняроў» Мулявіна.

    Канцэрт «Палацу»

  11. У 1997 годзе сьпявак пачаў выступаць у сайд-праекце пад назвай KRIWI, дзе працягваў выконваць беларускі фольк, але ў больш сучаснай манэры. Гурт з посьпехам выступаў ня толькі ў Беларусі, але і ў Эўропе.

    Вайцюшкевіч у гурце KRIWI

  12. Музыка некалькі гадоў быў у шлюбе з вакалісткай KRIWI Веранікай Кругловай.
  13. У «Палацы» Вайцюшкевіч меў мянушку Фёдар Іванавіч (дзякуючы герою вядомага савецкага фільму «Белае сонца пустыні»), але ў KRIWI псэўданім прыйшлося замяніць, бо іншаземцам было цяжка яго вымаўляць. Так і атрымаўся Тодар.

    Вайцюшкевіч (у цэнтры) з удзельнікамі гурту «Палац»

  14. KRIWI Зьмітру давялося пакінуць праз завялікую колькасьць канцэртаў і сямейны разлад. Так у 2000 годзе музыка пачаў сольную кар’еру.
  15. Выступаючы сола, Вайцюшкевіч адразу зьмяніў курс — з фальклёру на «паэзію сьпяваную» і цыклі.

    Зьміцер Вайцюшкевіч падчас цырымоніі ўручэньня прэміяў Партыі БНФ, Менск, 15 красавіка 2008 год

  16. Назва калектыву для сольнага праекту прыдумалася хутка — WZ Orchestra, што значыць «Зьмітра Вайцюшкевіча аркестар». Аднак пазьней адзін з польскіх сяброў музыкі падказаў, што WZ — гэта яшчэ і назва шашы Усход — Захад, што дадавала сымбалізму.

    Аўтограф-сэсія Зьмітра Вайцюшкевіча ў галерэі TUT.by 8 лютага 2015 году пасьля забароны канцэрту

  17. Адна зь першых ідэяў для музычных цыклаў сольнай кар’еры была пра мэблю. Але ў паэта Дранько-Майсюка, да якога зьвярнуўся бард, цыкль быў толькі пра зьвяроў. Менавіта так з’явіўся альбом «Цацачная крама».
  18. Быў знаёмы і папрацаваў з выдатнымі паэтамі Беларусі — Барадуліным, Бураўкіным, Някляевым.

    Зьміцер Вайцюшкевіч і Ўладзімер Някляеў

  19. Супраца з Рыгорам Барадуліным была вельмі пасьпяховай, але на той момант Зьміцер ня зусім разумеў глыбокі сэнс, які паэт укладваў у тэксты. Затое цяпер некаторыя аўтары, з тэкстамі якіх працуе музыка, дакладна ня ведаюць, што бард мае пляны на іх творчасьць.
  20. Адным з найлепшых і дагэтуль актуальных сваіх твораў Вайцюшкевіч лічыць удзел у супольных праектах — «Народным альбоме» і «Я нарадзіўся тут».

    Удзельнікі праекту «Народны альбом»

  21. На думку барда, сярод новага пакаленьня беларускіх музыкаў няма выкліку і сапраўднай беларушчыны.
  22. Сярод сучасных гуртоў Вайцюшкевіч схадзіў бы на канцэрты Navi, TonqiХод, Валерыі Валадзько («Гаротніца») і Андруся Такіданга.

    Зьміцер Вайцюшкевіч на канцэрце ў Магілёве, 11 лютага 2015 году

  23. Канцэрт 2 лістапада — першы за 6 гадоў выступ Зьмітра Вайцюшкевіча на адной з галоўных пляцовак Менска пасьля неафіцыйнай забароны.
  24. Падчас «жыцьця пад забаронай» набыў уласную сядзібу, адрамантаваў яе і пачаў займацца агратурызмам. Мае свой маёнтак, лазьню і невялікі прыбытак. «Там я будую свае мары. Я раб Нёмана і радзімы», — гаворыць бард.

    Зьміцер Вайцюшкевіч дае інтэрвію Свабодзе, кастрычнік 2017 году

  25. Сьпявак выпусьціў за кар’еру 17 альбомаў і напісаў амаль паўтысячы песьняў.