Начальнік слуцкай міліцыі аштрафаваў мастака Пушкіна і запрасіў на адзначэньне гадавіны Збройнага чыну 

Алесь Пушкін (фота Пётар Маркелаў)

Мастак Алесь Пушкін пакараны штрафам у адну базавую велічыню (23 рублі) за выстаўленьне партрэтаў герояў Слуцкага збройнага чыну каля мясцовага краязнаўчага музэю. Адміністрацыйная справа разглядалася ў Слуцкім РАУС, рашэньне агучыў начальнік аддзелу міліцыі Ўладзімер Гярэга.

«Наогул здарылася дзіўная рэч, — кажа Свабодзе Алесь Пушкін. — Мы прыехалі, думалі, што будзе суд. Аказалася, што справу будзе весьці сам начальнік РАУС палкоўнік Уладзімер Гярэга. Ён і быў судзьдзём. Я хадайнічаў, каб дапусьцілі адваката Ганну Фаміну, просьбу задаволіў. І хоць трымаў пад рукой ужо падрыхтаванае рашэньне, але ўважліва мяне выслухаў, пасьля чаго паставіў у графе спагнаньняў „адзінку“. А мог і 10, і нават 25 базавых. Але абмежаваўся адной і тут жа аддаў мне арыгінал пастановы».

У пастанове аб накладаньні адміністрацыйнага спагнаньня адзначана, што Алесь Пушкін, разьмясьціўшы 1 верасьня на агароджы краязнаўчага музэю партрэты ўдзельнікаў Слуцкага паўстаньня 1920 году, парушыў пункт 17 правілаў утрыманьня і добраўпарадкаваньня населенных пунктаў. За гэта прадугледжваецца штраф да 25 базавых велічынь. Шкода, нанесеная мастаком Слуцку, была ацэнена начальнікам мясцовай міліцыі ў 23 рублі.

«Пасьля „прысуду“ начальнік РАУС нечакана запрасіў мяне на дазволеныя культурніцкія мерапрыемствы, — працягвае Алесь Пушкін. — Маўляў, 26 лістапада пройдзе санкцыянаванае шэсьце да гадавіны Слуцкага збройнага чыну, хадзіце на здароўе зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, насіце партрэты, удзельнічайце ў адкрыцьці музэю. Яшчэ раз пацікавіўся, дзеля чаго я ўсё гэта зрабіў. Кажу, толькі нагадаць, каб дырэктар, навуковы кіраўнік, аўтар экспазыцыі не забыліся разьмясьціць партрэты герояў — Жаўрыда, Лістапада, Семянюка, Краўцова — у адрамантаваным Слуцкім краязнаўчым музэі. На тым і разьвіталіся».

Алесь Пушкін ня ўтойвае, што прысудам задаволены. Аналягічная справа ў ягоным Крупскім раёне пацягнула на 5 базавых. Абскарджваць пастанову Слуцкага РАУС ён не зьбіраецца.

Сёньня Алеся Пушкіна выклікаюць у Крупскі райвыканкам, дзе адбудзецца паседжаньне камісі ў справах непаўналетніх. Ён абвінавачваецца ў тым, што не выконвае адпаведным чынам абавязкі ў выхаваньні сына Мікалая, раз прыцягнуў 1 верасьня 13-гадовага падлетка да несанкцыянаванай акцыі ў Слуцку.