Жалобны малебен у Полацку прайшоў пад наглядам міліцыі. Траіх удзельнікаў затрымалі

Жыхары Полацку каля крыжа ў Бельчыцах (архіўнае фота)

Малебен каля крыжа, усталяванага ў памяць пра ахвяраў сталінізму, даўно ўжо стаў традыцыйнай восеньскай імпрэзай для полацкіх грэка-каталікоў і звычайных гараджанаў. Сёлета на ўскрайку могілкаў у Бельчыцах, дзе стаіць памятны крыж, людзей са сьвечкамі і кветкамі загадзя чакалі невядомыя ў цывільным аўтамабілі.

Маліцца яны не заміналі, але па сканчэньні імшы машына скранулася зь месца і пачала перасьледваць тых, хто прыехаў сюды на ўласным транспарце, распавёў «Свабодзе» полацкі актывіст Мікола Шарах.

Мікола Шарах

«Я заўважыў, што адну з машын спынілі літаральна ў 50-ці мэтрах ад крыжа, падышоў і пацікавіўся, што адбываецца. Аказалася, што за ўдзельнікамі імшы назіраў намесьнік начальніка гарадзкой ДАІ спадар Куксёнак. Ён жа і спыніў машыну, сказаўшы, што таніроўка вакон супярэчыць правілам дарожнага руху. Кіроўцу загадалі ехаць у райаддзел, затрымалі й дзьвюх жанчын-пасажырак. Усім прыгразілі складаньнем пратаколаў, а калі я спытаў, за што, то хацелі забраць і мяне. Нібыта за адсутнасьць флікера ў цёмны час сутак. Аднак мне ўдалося давесьці, што я не знаходжуся на праезднай частцы», — сказаў Шарах.

Паводле зьвестак спадара Шараха, усіх затрыманых адпусьцілі зь міліцыі праз гадзіну. Жанчын — проста так, а кіроўцу — з пратаколам парушэньня ПДД. У пратаколе напісана ўжо пра неадпаведнасьць камплекту аптэчкі, хаця першапачатковая прычынай затрыманьня была зусім іншая.

Мэмарыяльны крыж каля могілак (архіўнае фота)

Усе трое затрыманых, кажа Мікола Шарах, — гэта звычайныя гараджане, не заангажаваныя ні ў якую палітычную апазыцыйную структуру. Яны проста прыйшлі ўшанаваць памяць бязьвінна забітых продкаў, і перасьлед у такой сытуацыі спадар Шарах расцэньвае як памкненьне запалохаць нават тых, хто праяўляе хаця б мінімальную грамадзянскую актыўнасьць.