Гэта першы за апошнія 10 гадоў маштабны крок у кірунку візавай лібэралізацыі, — заявілі сёньня часова павераны ў справах ЗША ў Менску Робэрт Райлі і кіраўніца консульскай службы амбасады ЗША Алета Кавэнскі. Свабода сабрала самыя важныя пытаньні і адказы пра турыстычныя амэрыканскія візы для беларусаў.
— Чаму былі праблемы зь візамі ЗША для беларусаў?
— У сакавіку 2008 году пад ціскам беларускіх уладаў быў скарочаны дыпляматычны штат амбасады ЗША ў Менску — з 35 да 5. Так афіцыйны Менск адрэагаваў на эканамічныя санкцыі Вашынгтону, уведзеныя за парушэньне правоў чалавека ў Беларусі.
Таму, каб атрымаць візу ЗША, большасьць беларусаў мусіла зьвяртацца ў кансуляты Злучаных Штатаў у Маскве, Варшаве, Кіеве, Вільні.
— Колькі візаў за год апошнім часам ЗША выдавалі грамадзянам Беларусі у Менску і за мяжой?
— У амбасадзе ЗША ў Менску штогод выдавалі 6-7 тысяч візаў. Усяго ў кансулятах ЗША па ўсім сьвеце грамадзяне Беларусі атрымлівалі штогод 18 тысяч візаў. Большая частка замежных заяваў ад беларусаў падавалася ў Маскве, але пасьля нядаўняга дыпляматычнага канфлікту паміж Расеяй і ЗША, калі амэрыканская амбасада была вымушаная скараціць свой штат, беларусы страцілі магчымасьць падаваць заявы на візы ў амбасаду ЗША ў сталіцы Расеі.
— Хто цяпер можа падаваць заявы на візы ЗША ў Менску?
Ад 1 лістапада ўсе грамадзяне Беларусі, старэйшыя за 50 гадоў, могуць падаваць заявы на турыстычныя візы ЗША ў Менску. Апрача таго, у Менску могуць падаваць заявы на візы госьці дыппрадстаўніцтваў (сваякі беларускіх дыпляматаў, якія працуюць у беларускіх дыпляматычных місіях у ЗША), дзеці да 14 гадоў, якія вандруюць з бацькамі (толькі ў выпадку, калі бацькі аднаўляюць свае візы ў Менску ці маюць дзейныя візы, выдадзеныя амбасадай ЗША ў Менску). У Менску таксама абслугоўваюцца заяўнікі ў экстраных сытуацыях, якія патрабуюць тэрміновай паездкі ў ЗША, зьвязаныя са сьмерцю або хваробай сваяка ці неабходнасцю тэрміновага лячэньня ў ЗША.
Апрача таго, візы ЗША ў Менску выдаюцца беларусам, якія ўдзельнічаюць у праграмах абмену, а таксама студэнцкія і працоўныя. Таксама па візы ЗША могуць у Менску зьвяртацца тыя грамадзяне Беларусі, якія мелі дзейную амэрыканскую візу меней за год таму.
Амбасада ЗША ў Менску пашырыла прыём візавых заявак. Але яшчэ не для ўсіх
— Калі ўсе грамадзяне Беларусі змогуць падаваць заяўкі на турыстычныя візы ЗША ў Менску?
— У пачатку 2018 году, але канкрэтная дата пакуль не вызначаная. Ад пачатку абслугоўваньня ўсіх грамадзян Беларусі ў Менску амбасада ЗША плянуе выйсьці на выдачу 18 тысяч візаў.
— Ці змогуць расейскія грамадзяне атрымліваць візы ЗША ў Менску ў сувязі з тымі абмежаваньнямі, якія існуюць паміж Расеяй і ЗША?
— Не, пакуль праца консульскай службы ЗША ў Менску не адновіць сваю працу ў поўным аб’еме. Пазьней гэта магчыма, бо законы ЗША дазваляюць падаваць заявы на візы ў консульскія ўстановы па ўсім сьвеце.
— Ці магчыма адкрыцьцё амэрыканскага візавага цэнтру ў Беларусі, як гэта зрабіў шэраг эўрапейскіх дзяржаў?
— Такіх плянаў у ЗША няма.
— Ці магчымы ў пэрспэктыве 5-дзённы бязьвізавы ўезд у ЗША для грамадзян Беларусі, як той, што дзейнічае для грамадзян Злучаных Штатаў, якія прыбываюць у Менск праз Нацыянальны аэрапорт?
— Пакуль не. Працэс надаваньня бязьвізавага рэжыму на ўезд у ЗША для грамадзян іншых краінаў складаны і працяглы, і ён не заўсёды залежыць ад тых умоваў, якія гэтыя краіны прапануюць грамадзянам ЗША.