У Расеі набыў моц закон аб забароне ананімайзэраў і VPN-сэрвісаў

У Расеі 1 лістапада набыў моц закон аб забароне ананімайзэраў і VPN-сэрвісаў (VPN — віртуальная прыватная сетка). Ён дазваляе заблякаваць ананімайзэры і VPN-сэрвісы, якія не зачыняць доступ да забароненых «Роскомнадзором» сайтаў на працягу трох дзён. Выяўляць парушальнікаў будуць ФСБ і МУС.

Ананімайзэры павінны падключыцца да спэцыяльнай сыстэмы «Роскомнадзора» і даваць інфармацыю пра свайго ўладальніка, сеткавы адрас для доступу да сыстэмы, лагіны і паролі доступу да рэсурсу. Акрамя таго, закон забараняе пошукавікам выдаваць спасылкі на заблякаваныя рэсурсы.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў адпаведны закон 30 ліпеня. Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International асудзіла гэты закон, назваўшы яго «апошняй атакай у наступе на онлайн-свабоды».

Паводле грамадзкага руху «Роскомсвобода», у Расеі заблякаваныя каля 80 тысяч сайтаў. Сярод рэсурсаў ёсьць як сайты, зьвязаныя з супрацьпраўнай дзейнасьцю (продаж наркотыкаў, экстрэмісцкія рэсурсы), так і незалежныя СМІ («Каспаров.ру» і «Грані.Ру»), некаторыя ЛГБТ-сайты.

Згодна са штогадовай справаздачай Google, Расея стала сусьветным лідэрам па колькасьці запытаў на выдаленьне інфармацыі з пошукавай выдачы Google і іншых сэрвісаў кампаніі, у прыватнасьці зь YouTube. Па выніках 2016 году расейскія ўлады папрасілі выдаліць інфармацыю з сэрвісаў Google 13,2 тысяч разоў, што складае больш за палову ад агульнай колькасьці запытаў па ўсім сьвеце (22,5 тысяч).