«Бліскавіцы, Анталёгія беларускай жаночай паэзіі міжваеннага пэрыяду», Менск, «Кнігазбор», 2017, 446 старонак, 500 асобнікаў. Сэрыя: Бібліятэка СБП «Кнігарня пісьменьніка». Укладаньне, камэнтар: Аксана Данільчык, Віктар Жыбуль
Калі даваенная Беларусь была разрэзаная напалам палякамі і бальшавікамі, якія вершы пісалі беларускія жанчыны? То бок аўтаркі па розныя бакі мяжы, якія жылі ў рознай рэчаіснасьці, у адрозных сьветах? Задума сабраць пад адной вокладкай такія вершы — вельмі цікавая. Што з гэтага атрымалася? Зараз паглядзім. У мяне ў руках «Бліскавіцы», анталёгія беларускай жаночай паэзіі міжваеннага пэрыяду.
у новай кнізе на 51 паэтку болей, чым мне было вядома
Перш я задумаўся: якія імёны мне вядомыя? Так, Натальлі Арсеньневай, Ларысы Геніюш, Паўліны Мядзёлкі, Зоські Верас. Усе — з Заходняй Беларусі. З Усходняй — Канстанцыі Буйло, Яўгеніі Пфляўмбаўм, Эдзі Агняцьвет. Можна сказаць, нямнога. Але колькі ёсьць. Канечне, вядомае імя — таксама Ніны Тарас. Так, яшчэ былі Ядвіга Бяганская, Зінаіда Бандарына, якія ў маёй памяці захаваліся перш як празаікі. У «Анталёгіі» 61 імя і вершы ад 1918-га да 1941 году. Карацей, у новай кнізе на 51 паэтку болей, чым мне было вядома. Хто яны? Што за вершы пісалі? Я быў заінтрыгаваны.
Разгарнуў кнігу і натрапіў на Веру Маслоўскую, партызанку. Палякі судзілі яе разам зь вялікай групай беларускіх патрыётаў, быў вядомы Беластоцкі працэс. Аказваецца, яна пісала вершы. Падпісвала: Вера Мурашка. У першым сваім вершы, што ў анталёгіі, «Малітва» (1918), яна зьвяртаецца да Бога. Вершы ў стылі народнай традыцыі, неабробленыя, у чымсьці наіўныя.
Каваць Айчыне сваёй долю, пакуль агонь ня згас у грудзях!
Прыцягвае ўвагу «дзьвінска-люцынскі» гурток паэтак, што існаваў у Латвіі, калі там працавала беларуская гімназія. Аднак з боку вершапісаньня ён выглядае вельмі сьціпла. Больш выйгрышнымі здаюцца творы Валянціны Казлоўскай, сям-там трапляюцца цікавыя вобразы: «Каваць Айчыне сваёй долю, пакуль агонь ня згас у грудзях!» (Паэтку ў 1938-м расстраляла ў Савецкай Беларусі НКВД). А вось вершы Вольгі Сахаравай, жонкі дырэктара гімназіі, цікавыя сёньня хіба што тагачаснымі рэаліямі, у іх адлюстраванымі.
Больш апрацаваным выглядае верш «Ноч» Ганны Душэўскай (была сястрой вядомага дзеяча Кляўдыя Дуж-Душэўскага), адзіны ў кнізе. Ён пазначаны 1920 годам. А трэба зацеміць, што пісьмовая мова, лексыкон толькі тварыліся, гэта быў жывы, няскончаны працэс. Глыбіня веданьня літаратурнай мовы, яе адчуваньне, няўпэўненасьць у пісьме — гэта ўсё адчуваецца ў некаторых аўтарак. А ў вершах паасобных, як выглядае, адбілася недастатковая пісьменнасьць.
Анталёгія — ня толькі самі вершы, але й біяграфіі. Біяграфіі, часам, незвычайныя, аб некаторых можна было б сказаць — змагарныя.
трапіла за польскія краты, але ацалела.
Ганна Новік. 1936 год. Спроба ўцячы ў СССР. Трапіла за польскія краты. Але ацалела. У 1939-м стала дэпутаткай Народнага сходу Заходняй Беларусі. Вершы напісаныя гладка, у іх шмат пачуцьцяў… Ніна Ляўковіч памерла ў Парыжы, была замужам за Міколам Абрамчыкам, прэзыдэнтам БНР, падпісвала свае творы псэўданімам Раса… Ніна Тарас — прафэсійны літаратар. Пісаць пачала за польскім часам. Бывае, на прыкладзе ранейшых заходнебеларускіх паэтаў цікава назіраць — як зьмянялася творчасьць пасьля прыходу Чырвонай арміі. Спачатку разьняволеная мова, пазьней — вершы з думкай пра цэнзуру, пра НКВД, з унутраным цэнзарам. Але разам з тым — і новыя шчырыя пачуцьці, захопленасьць, як у выпадку Ніны Тарас:
«Гляджу і гляджу, як шырэюць прасторы,
Направа, налева граніцы няма…»
«І цешуся ціха шырокім прасторам
І тым, што ня бачу ні меж, ні граніц…»
І асэнсаваньне сваёй цяперашняй ролі:
«Мяне ахрысьцілі нібыта паэтам,
І я нібы вершы пішу».
ні датаў жыцьця, ні месца нараджэньня
Разам з тым сярод заходнебеларускіх аўтарак многа такіх, аб кім нічога не вядома, ці амаль нічога. Часам толькі імя ці псэўданім, назва вершаў і выданьня. Ні датаў жыцьця, ні месца нараджэньня і — пагатоў — спачыну. А, бывае, зусім сьціслыя зьвесткі ёсьць, яны інтрыгуюць: Е. Раманейка, студэнтка ўнівэрсытэту Вітаўта Вялікага ў Коўне, напачатку 1930-х. І, па сутнасьці, гэта ўсё. Друкаваліся ў «Шляхам моладзі», «Хрысьціянскай думцы», «Беларускай крыніцы». І зьніклі. Шкада. «Біяграфічных зьвестак ня выяўлена», канстатуюць складальнікі анталёгіі.
Для гэтай кнігі была ўзятая назва верша Зінаіды Бандарынай (якая паходзіла з Горадні) «Бліскавіцы», у якім мова аб перасяленьні гарадзенскіх сялян у Сыбір. Ёсьць у яе больш мяккія жаночыя вершы, а ёсьць пра «будаўніцтва новага жыцьця», напрыклад, «На заводзе»:
«Я калісьці шнур палёў любіла,
А сягоньня вабіць фабрык дым».
Прамысловая здабыча торфу ў 1929 годзе ўяўляецца паэтцы вялікім дасягненьнем:
«Беларусь перад усім сусьветам
Дэманструе моц сваю».
я хачу, каб Ангельшчына уваходзіла ў СССР
У вершах, напісаных у БССР, ня толькі захапленьне заводам і камсамолам, але ўспамінаецца раз-пораз «КІМ», а гэта, калі расшыфраваць — Камуністычны інтэрнацыянал моладзі, і «мэсіянскія» матывы прысутнічаюць. Думкі пра пашырэньне «пралетарскіх» межаў. «Я хачу, каб Ангельшчына уваходзіла ў СССР», словамі брытанскага рабочага, што апынуўся ў Бабруйску, у стылі Маякоўскага заяўляе Зіна Кагановіч.
Жанчыны масава станавіліся пісьменнымі, паасобным хацелася выказаць свае пачуцьці на паперы. Паказальны верш К. Драбышэўскай, аб якой нічога невядома, толькі што была сялянкай з Кармянскага раёну.
«Давай дарогу бабе вольнай —
цяпер і мне тут месца ё»
— гукае яна досыць складным радком (1925), магчыма, апрацаваным газэтным рэдактарам. Прадстаўніца «масавай паэзіі» называе сябе рашуча «дачкой новай Беларусі».
часам вершыкі сялянак ці работніц адпавядаюць хіба што насьценгазэце
Часам вершыкі сялянак ці работніц адпавядаюць хіба што насьценгазэце, бывае, здаецца, што на мяжы «нескладушек-неладушек». Ясна, што яны — дакумэнтуюць эпоху ў рытмаванай форме. Але побач зь вершамі прызнаных паэтак выглядаюць, само сабой, пройгрышна.
Згортваеш анталёгію і задумваесься. У ёй, апроч хрэстаматыйных, ёсьць малавядомыя творы, ёсьць «ніколі не публікаваныя раней».
Тэарэтычна магла згубіцца здольная паэтка ў жорсткія міжваенныя часы, гэта ня выключана. Але надрукавацца тады мог бадай кожны ахвотны. І пры ўмове, што захаваліся газэтныя сшыўкі, часопісы, выявіць незаўважаныя таленты было б ня вельмі складана. Аднак, апроч некалькіх, больш цікавых імёнаў, раней забытых, якія былі знойдзеныя за апошнія гады рознымі дасьледчыкамі, іншыя складаюць толькі паэтычны фон, паэзію ўзбагачаюць адносна. Хаця сама анталёгія выглядае цікавай падзеяй, нават ужо толькі тым, што пад адной вокладкай надрукаваныя самыя здольныя паэткі тых часоў.