29-гадовы Сайфуло Саіпаў падазраецца ў тым, што на здымным малым грузавіку-пікапе заехаў на дарожку для пешаходаў і раварыстаў у Ніжнім Мангэтане і рушыў па ёй, зьбіваючы людзей. Затым ён урэзаўся ў школьны аўтобус і выйшаў са свайго аўтамабіля зь дзьвюма адзінкамі зброі ў руках. Паліцэйскі, які дзяжурыў у тым месцы, адкрыў агонь і параніў мужчыну ў жывот. Таму нападніка затрымалі і шпіталізавалі, а на месцы здарэньня знайшлі стрэльбу для пэйнтболу і пнэўматычную зброю.
Інцыдэнт, які адбыўся паблізу нью-ёркскага Ўсясьветнага гандлёвага цэнтру, што быў аб’ектам тэрактаў 11 верасьня 2001 году, кваліфікаваны як тэракт. У аўтамабілі нападніка была знойдзеная запіска, у якой ён заяўляе аб вернасьці тэрарыстычнай групоўцы «Ісламская дзяржава». Таксама на прэс-канфэрэнцыі з нагоды нападу камісар паліцыі Нью-Ёрку Джэймз О'Ніл пацьвердзіў паведамленьне сьведак, што нападнік, выйшаўшы з разьбітага аўтамабіля, выкрыкваў «Алах акбар!»
У выніку тэракту загінулі сама меней 8 чалавек, яшчэ 11 атрымалі раненьні, сур'ёзныя, але якія не пагражаюць жыцьцю.
Тэракт расьсьледуе ФБР.
Паводле папярэдняй інфармацыі, Саіпаў прыбыў у ЗША некалькі гадоў таму з Узбэкістану і жыў у Флорыдзе і нью-джэрсійскім горадзе Патэрсан, дзе ён узяў на пракат аўтамабіль, з дапамогай якога ажыцьцявіў тэракт. Пакуль невядома, ці былі ў яго сувязі з тэрарыстычнымі групамі.
Мэр Нью-Ёрку Біл дэ Блазіё назваў гэтую падзею «асабліва баязьлівым актам тэрарызму, накіраваным супраць нявінных цывільных асобаў».
А губэрнатар штату Нью-Ёрк Эндру Куома заявіў, што гэта, падобна, быў напад адзіночкі і пакуль няма ніякіх сьведчаньняў, якія маглі б зьвязаць яго з шырокім замахам або шырэйшай схемай.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп выказаў спачуваньні сем’ям загінулых і дадаў:
«Мы не павінны дазволіць (тэрарыстычнай арганізацыі) „Ісламскай дзяржаве“ вярнуцца ці як-небудзь трапіць у нашу краіну пасьля таго, як яна будзе пераможаная на Блізкім Усходзе і ў іншых месцах. Досыць!»