ACEA апублікавала аналіз, які паказвае, што існуе карэляцыя паміж памерам продажу электрамабіляў у асобных краінах ЭЗ і іх ВУП.
Больш за 1% продажу новых аўтамабіляў прыпадае на электрамабілі толькі ў тых краінах Заходняй Эўропы, у якіх ВУП на аднаго жыхара перакрочвае 30 тысяч эўра. Але ў больш як палове краінаў ЭЗ доля электрамабіляў у продажы новых аўтамабіляў не перакрочвае 0,5% і ў гэтых краінах ВУП на адну асобу не перакрочвае 17 тысяч эўра — гаворыцца ў аналізе ACEA.
У Беларусі летась узровень ВУП на аднаго жыхара складаў менш за 5 тысяч эўра. Паводле Таварыства эўрапейскіх вытворцаў аўтамабіляў, стымулам для набыцьця электронных аўтамабіляў зьяўляюцца ня толькі падаткавыя ільготы, якія існуюць у шэрагу краінаў, але і падтрымка ўраду.
У Францыі пакупнік электрамабілю можа атрымаць ад ураду да 6,3 тысяч эўра прэміі, а калі аддасьць на мэтаталом машыну са старым дызэльным рухавіком, то прэмія сума кампэнсацыі павялічваецца да 10 тысяч эўра. Ніякіх стымулаў для пакупнікоў электрамабіляў не выкарыстоўвае пяць краін ЭЗ: Харватыя, Эстонія, Літва, Польшча і Мальта.
«Электраджылі» кідае выклік. Як прыстасаваць Беларусь для электрамабіляў?
У Беларусі першы электрамабіль быў зарэгістраваны ў 2014 годзе. І хоць адсутнасьць умоваў не спрыяе электрамабілізацыі, каля сотні аўтааматараў пераселі на пэрспэктыўны транспарт. Сёньня на афіцыйным уліку ў Дзяржаўтаінспэкцыі — блізу двух дзясяткаў Tesla, больш за 40 Nissan Leaf, прыблізна столькі ж Chevrolet Volt, некалькі Opel Ampera ды іншыя брэнды.
Да 2020 году беларускі электрапарк можа павялічыцца да 10 тысяч адзінак — такі рост прадугледжаны ўрадавай праграмай укараненьня электратранспарту.