Намесьнік кіраўніка Гарадзенскага УУС палкоўнік Уладзімер Сацюк 26 кастрычніка зьбіў на аўтамабілі 50-гадовую жанчыну. Яна атрымала некалькі пераломаў і была шпіталізаваная. Інфармацыя пра здарэньне зьявілася на сайце «Беларускі партызан».
Паведамляецца, што, магчыма, кіроўца не заўважыў пешахода і не пасьпеў загамаваць. І што Сацюк быў цьвярозы. ДТЗ адбылося падчас дажджу.
Начальнік аддзелу інфармацыі і грамадзкіх сувязяў Яўген Дудко
пацьвердзіў Свабодзе, што здарэньне мела месца. Цяпер ідзе сьледзтва, дэталёва вывучаюцца ўсе акалічнасьці.
Палкоўнік Уладзімер Сацюк — намесьнік кіраўніка Гарадзенскага УУС ад 2009 году, ён кіруе міліцыяй грамадзкай бясьпекі.
Летась у лістападзе былы кіраўнік баранавіцкага ДАІ Андрэй Валкавыцкі насьмерць зьбіў на машыне 36-гадовую Вольгу Стралкоўскую.
Гэта здарылася ў Ляхавіцкім раёне. У сакавіку Валкавыцкага асудзілі на 7 гадоў агульнага рэжыму бяз права займаць дзяржаўныя пасады і кіраваць аўтамабілем цягам 5 гадоў. Прысуд прадугледжваў маральную кампэнсацыю сям’і забітай жанчыны — 35 тысяч рублёў.