Алена Анісім — пра беларускамоўныя ініцыятывы: «У асобе новага міністра інфармацыі я знайшла аднадумцу»

Алена Анісім

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім, якая на супольным пасяджэньні абедзьвюх палат Нацыянальнага сходу Беларусі 27 кастрычніка прапанавала стварыць цалкам беларускамоўны тэлеканал, 30 кастрычніка наведала новага міністра інфармацыі Аляксандра Карлюкевіча.

Паводле дэпутаткі, уражаньні ад сустрэчы ў яе засталіся прыемныя.

Анісім сказала Свабодзе, што агучыла на сустрэчы тры прапановы:

  • правесьці круглы стол адносна стварэньня тэлеканалу з поўным вяшчаньнем на беларускай мове,
  • абвясьціць конкурс на стварэньне навукова-папулярных перадач і мультфільмаў для дзяцей рознага ўзросту па-беларуску,
  • абмеркаваць магчымасьці для пашырэньня беларускамоўнага кантэнту ў мэдыйнай прасторы перад прыняцьцем новага закону аб аўтарскім праве.

«Спадар міністар выслухаў мяне ўважліва і сказаў, што прапановы цікавыя, будзем іх абмяркоўваць і будзем рухацца далей. Мне падалося, што я знайшла ў яго асобе свайго аднадумцу. І цяпер найважнейшае, каб кожны крок быў ня проста абгавораны, але і зроблены», — сказала чалец Палаты прадстаўнікоў і старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алена Анісім.