30 кастрычніка ў пункце пропуску «Грыгораўшчына» 36-гадовы грамадзянін Латвіі на аўтамабілі Audi з латвійскімі рэгістрацыйнымі нумарамі зрабіў спробу прарыву празь мяжу. Пра гэта паведамляе Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі.
Мытнікі вырашылі накіраваць аўтамабіль у бокс для паглыбленага надгляду. Кіроўца сеў у машыну і раптам націснуў на пэдаль газу.
Ён сарваўся зь месца і па сустрэчнай паласе, па якой рухаюцца аўто, якія выяжджаюць у Беларусь, паехаў у бок латвійскай мяжы. Пры гэтым мужчына зьбіў шлягбаўм і праехаў праз сродкі прымусовага спыненьня, пашкодзіўшы колы аўтамабіля.
Дзякуючы сумесным апэратыўным дзеяньням, беларускія і латвійскія памежнікі прадухілілі прарыў празь мяжу.
Цяпер праводзяцца апэратыўна-сьледчыя мерапрыемствы, па выніках якіх будзе дадзена прававая ацэнка дзеяньням кіроўцы.