Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Ганна Канапацкая абяцае «пры магчымасьці» абмеркаваць пытаньне арышту Мікалая Статкевіча на пасяджэньні рабочай групы ў пытаньнях Беларусі, створанай у межах Парлямэнцкай асамблеі краінаў Усходняга партнэрства (Euronest).
«Калі будзе такая магчымасьць — безумоўна, таму што мы ўсе разумеем, што гэта палітычна матываванае рашэньне», — сказала Ганна Канапацкая Свабодзе.
Дэпутатка дадала, што сёньня па выніках паседжаньня плянуецца ўхваліць рэзалюцыю па Беларусі. «У Беларусі дагэтуль існуюць праблемы і з правамі чалавека, і з дэмакратычным разьвіцьцём, і з адсутнасьцю дыялёгу з грамадзтвам. Асобна пра Статкевіча ў дакумэнце не адзначаецца, бо сытуацыя зь ім — гэта частка праблемы. Палітычны перасьлед публічных асобаў сёньня працягваецца ў Беларусі», — адзначыла яна.
Пасяджэньне рабочай групы ў пытаньнях Беларусі праходзіць у межах Парлямэнцкай асамблеі Euronest, што гэтымі днямі працуе ў Кіеве. Падчас яго плянуецца абмеркаваць сытуацыю ў Беларусі, правядзеньне мясцовых выбараў у 2018 годзе.
Былы кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Мікалай Статкевіч быў запрошаны на паседжаньне гэтай групы і меўся браць удзел у ім. Аднак ён быў затрыманы ў Менску ўвечары 30 кастрычніка. Цяпер ён знаходзіцца ў ізалятары на вуліцы Акрэсьціна, дзе, верагодна, адбывае 5-суткавы арышт паводле «старога» прысуду.