Галоўная незалежніцкая партыя Каталёніі гатовая ісьці на выбары, абвешчаныя Мадрыдам

Карлэс Пудждэмон

Эўрапейская дэмакратычная партыя Каталёніі, да якой належыць адстаўлены Мадрыдам кіраўнік ураду Каталёніі Карлэс Пудждемон, будзе ўдзельнічаць у пазачарговых выбарах.

Яны прызначаныя ўрадам Гішпаніі на 21 сьнежня. Пра гэта паведаміла сёньня прадстаўніца партыі Марта Паскаль. Паводле яе галасаваньне дазволіць каталёнскаму грамадзтву выказаць свае спадзяваньні.

Эўрапейская дэмакратычная партыя Каталёніі — права-лібэральная партыя, якая стала асноўнай сілай у кааліцыі прыхільнікаў незалежнасьці, створанай пасьля рэгіянальным выбараў 2015 году. З 62 дэпутатаў, якія прайшлі ў каталёнскі парлямэнт ад кааліцыі, 29 прадстаўлялі менавіта гэтую партыю.

Паводле паведамленьняў шэрагу гішпанскіх СМІ, пазбаўлены Мадрыд паўнамоцтваў кіраўніка рэгіянальнага ўраду Каталёніі Карлэс Пудждэмон сёньня выехаў з паплечнікамі з Барсэлёны ў Брусэль.

Напярэдадні генпракуратура Гішпаніі вылучыла абвінавачваньне ў дачыненьні да Пудждэмона і іншых чальцоў распушчанага Мадрыдам рэгіянальных ураду і парлямэнту Каталёніі. Лідэры сэпаратысцкага руху абвінавачваюцца ў мяцяжы, падбухторваньні да паўстаньня і злоўжываньні бюджэтнымі сродкамі. За падрыхтоўку мяцяжу гішпанскае заканадаўства прадугледжвае максымальнае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі тэрмінам на 30 гадоў.