У Магілёве згадалі ахвяраў сталінскага тэрору

Крыж памяці ў Магілёве

Да Крыжа памяці, усталяванага ў 1989 годзе на месцы масавых расстрэлаў, 29 кастрычніка прыйшлі праваабаронцы, актывісты грамадзкіх арганізацый ды неабыякавыя грамадзяне. Памінальная імпрэза абышлася без прамоваў. Яе ўдзельнікі ўсклалі кветкі да Крыжа, запалілі зьнічы.

Жыць сумленна ня будзем, калі забудзем агульнанацыянальныя дні смутку

На заклік праваабаронцаў у сацсетках прыйсьці да пясчанага карʼеру, у якім пры канцы 1980-х гадоў будаўнікі наткнуліся на чалавечыя парэшткі, адгукнуўся дзясятак чалавек. У 1990-я гады да Крыжа прыходзілі сотні.

«Тое, што цяпер прыходзіць сюды няшмат людзей, зьвязана найперш з боязьзю, — казала Свабодзе кіраўніца суполкі „Асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій“ Ларыса Шукайла. — Рэпрэсіі ж працягваюцца, праўда, яны не такія крывавыя, як у сталінскія часы. Акрамя таго, засталіся адзінкі тых, хто сутыкнуўся з тэрорам. А маладзейшае пакаленьне, на жаль, мала ведае пра 1920–30-я гады. Усе жывуць цяперашнім днём».

Кветкі да Крыжа ахвярам сталінскага тэрору

Адзін з ініцыятараў памінальнай імпрэзы, праваабаронца і журналіст Аляксандар Буракоў сказаў, што 30 кастрычніка 1989 году на месцы, дзе цяпер Крыж, адбыўся першы мітынг, на якім агучылі страшную праўду пра карʼер:

«Тэма палітычных рэпрэсій і палітзьняволеных застаецца беларускай тэмай. — Тое, што адбывалася ў 1920–30-х гадах, зь лёгкасьцю можа вярнуцца да нас. Пра гэта варта памятаць і гісторыю тых часоў перадаваць маладзейшаму пакаленьню. Мы будзем жыць сумленна, калі не забудзем дзён агульнанацыянальнай жалобы».

Аляксандар Буракоў

Крыж памяці на праспэкце Дзімітрава ўсталявалі актывісты адраджэнскіх арганізацый у 1989 годзе. Колькі было забіта людзей у гаі, дзе цяпер карʼер, невядома. Вынікі адмысловай камісіі, якая дасьледавала паходжаньне выяўленых парэшткаў, засакрэчаныя.

Родзічы забітых паасобку прыходзяць да Крыжа

Родзічы забітых сьцьвярджаюць, што масавыя расстрэлы людзей тут адбываліся ад 1936 да 1938 гадоў. Забіваць жа ў безыменным гаі бальшавікі пачалі яшчэ ў 1918 годзе. Першымі ахвярамі сталі каталіцкія сьвятары. Сярод іх быў і дэкан магілёўскага касьцёла Яўген Сьвятаполк-Мірскі.

Да крыжа, пазьбягаючы ўдзелу ў арганізаваных імпрэзах, прыходзяць паасобку сваякі забітых. Кладуць вянкі, павязваюць крыж ручнікамі.

У 2011 годзе невядомыя пакінулі пасьведчаньне аб сьмерці, выпісанае на імя Іосіфа Сякацкага. Паводле дакумэнту, ураджэнца Шклоўскага раёну расстралялі 31 ліпеня 1938 году. Месца расстрэлу і сацыяльны статус забітага ў пасьведчаньні не пазначаныя.

На месцы масавых расстрэлаў зьбіраліся ўсталяваць памятны знак. У 2008 годзе пытаньне пра гэта ўзьняла Ларыса Шукайла. Зрабілі макет, але далей справа не пайшла, бо грошай не знайшлі.