7 гадоў таму сядзіба Рэйтана апынулася ў сьпісе аб’ектаў, якія Міністэрства культуры было гатовае прадаць або аддаць пад гатовыя інвэстыцыйныя праекты. Зямляк Рэйтана, дасьледчык-архівіст Зьміцер Юркевіч, забіў у званы. Разам зь сябрамі ён стварыў арт-суполку імя Тадэвуша Рэйтана, каб вяртаць памяць пра яго беларусам. У гэтае нефармальнае аб’яднаньне ўваходзяць гісторыкі, мастакі, музыкі.
Дзякуючы іх намаганьням сядзібу не прадалі. Цяпер там пабудуюць горад рамесьнікаў, адновяць фасад, дах сядзібы, і правядуць рэстаўрацыю капліцы-пахавальні Рэйтанаў. ЭЗ прызначыў на гэта Ляхавіцкаму райвыканкаму больш 1 млн эўра. Без арт-суполкі Рэйтана гэта было б немагчыма.
Рэйтан — герой Беларусі
У 1773 годзе Расея вырашыла «легалізаваць» І падзел Рэчы Паспалітай у вачах усяго сьвету. Зрабіць гэта вырашылі праз Сойм. У ляяльнасьці большасьці дэпутатаў акупанты не сумняваліся. Сойм быў амаль цалкам карумпаваны Расеяй. Але пляны па ціхай акупацыі сапсавалі наваградзкія дэпутаты — Тадэвуш Рэйтан, Самуэль Корсак і дэпутат зь Меншчыны Станіслаў Багушэвіч. Коштам уласнага жыцьця яны паабяцалі не дазволіць адняць у краіны нават дробнага кавалка тэрыторыі.
«Менавіта Тадэвуш Рэйтан заклаў першы камень у будучую незалежнасьць Беларусі» — гаворыць Зьміцер Юркевіч. — Рэйтан зрабіў усяго адзін учынак. Але ім ён паказаў усяму сьвету, што яго радзіма апынулася пад акупацыяй».
Арганізаваць авантуру было даручана польскаму дэпутату і расейскаму агенту Адаму Паніньскаму. На Сойм у Вашаву ён прыбыў з Пецярбургу. Яго задачай было зьмяніць статус Сойму са звычайнага на канфэдэрацкі. Гэта б пазбавіла дэпутатаў магчымасьці заблякаваць рашэньне Сойму, выкарыстаўшы так званае liberum veto. Гэта было нечуванае парушэньне законаў краіны.
На першым паседжаньні Сойму дэпутат ад Наваградзкага ваяводзтва ВКЛ, Тадэвуш Рэйтан, заяўляе, што Сойм быў абвешчаны каралём як звычайны, і што ён не дазваляе зьмяняць статус і не прызнае маршалкам Паніньскага. І паколькі па правілах кожны трэці Сойм мае праходзіць у Горадні, а маршалкам мае быць абраны літвін, а не паляк, Рэйтан прапанаваў заняцца абраньнем новага маршалка.
«16 дэпутатаў зь беларускай зямлі вырашылі разам з Рэйтанам падняцца супраць трох імпэрыяў, — расказвае Юркевіч. — Магутная машына фальсыфікацыяў спынілася. Дэпутаты Рэйтана начавалі чатыры начы ў ізьбе, каб паседжаньне не правялі бязь іх. Але з кожным днём іх станавілася менш і менш. На чацьвёрты дзень з Рэйтанам застаўся толькі Корсак і Багушэвіч».
Калі дэпутаты зразумелі, што Рэйтан не пераломіць сытуацыю, яны вырашылі далучыцца да Паніньскага. І тады Рэйтан кінуўся да іх у дзьвярах.
Ён заклікаў «ранамі Хрыста, за іх укрыжаванага», не губіць душу і не прадаваць Бацькаўшчыну. Яму прыпісваюць словы: «Забіце мяне, але не забівайце Бацькаўшчыну». Гэта спрашчэньне. Ён казаў там шмат чаго. Спынены натоўпам, які стаяў з таго боку дзьвярэй, ён застыў у такой роспачы, якую намаляваў Ян Матэйка.
Урэшце рэшт пад канфэдэрацыяй Паніньскага падпісаліся астатнія дэпутаты. Кропку ў гэтым драматычным Сойме паставіў кароль. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі далучыўся да канфэдэрацыі. Рэйтан згубіў законныя падставы да супраціву і пасьля гэтага, разам з Корсакам і Башугэвічам, пакінуў соймавую ізбу.
Іх учынак не прайшоў дарэмна. Прысутныя на Сойме карэспандэнты СМІ з ўсяго сьвету, галяндзкія, гішпанскія і амэрыканскія і інш., пісалі пра падзеі ў Сойме.
«Беларускіх паслоў там называлі героямі. Гэтым пратэстам яны зрабілі І падзел нелігітымным у вачах сусьветнай грамадзкасьці. На радзіме іх таксама абвясьцілі героямі» — распавядае Зьміцер Юркевіч.
Адраджэньне культу Рэйтана ў Беларусі
На тэрыторыі Беларусі, пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай, культ Рэйтана, які запачаткавалі менавіта яго землякі, быў немагчымы. Нават ягоны помнік, замоўлены сваякамі, быў пасьля паўстаньня 1863 году схаваны, а пасьля перададзены ў Кракаў.
Вуліца Рэйтана ў Менску зьявіліся ўжо ў міжваенны час, на месцы былой Юраўскай. Цяпер яна знаходзіцца пад Палацам Рэспублікі. Дарэчы, у XVIII ст. на гэтай вуліцы месьціўся палац Валадковічаў, зь роду якіх паходзіла маці Рэйтана. Магчыма, менавіта там ён і нарадзіўся. У Менску і Баранавічах былі гімназіі імя Рэйтана.
Першым пасьля вайны яго імя спрабаваў адрадзіць Уладзімер Караткевіч. Ён двойчы ўзгадаў яго ў сваіх творах. І ўжо толькі напрыканцы 80-х імя Тадэвуша Рэйтана пачынае зьяўляцца ў беларускай прэсе. Але заняпалая родавая сядзіба Рэйтанаў у Грушаўцы мала каго цікавіць. У савецкія часы там месьцілася ўправа калгасу, а мураванка Рэйтанаў была грамадзкай лазьняй.
Калі ў Беларусі пачалі аднаўляцца сядзібы Касьцюшкі, Агінскага, Орды, Нямцэвіча, Арт-суполка імя Тадэвуша Рэйтана вырашыла змагацца за ўшанаваньне імя Рэйтана на дзяржаўным узроўні.
Каб прыцягнуць увагу да Грушаўкі, Арт-суполка імя Тадэвуша Рэйтана пачала праводзіць там талокі і летнікі. «Рэйтанаўцы» працавалі ў архівах, каб адкрываць невядомыя факты пра нацыянальнага героя і змагацца зь мітамі пра яго. Рыхтавалі артыкулы, імпрэзы і выставы.
Сябра суполкі, мастак Алесь Родзін, стварыў графічны шэраг са 100 графічных працаў, прысьвечаных гісторыі роду Рэйтанаў. Выставы гэтых працаў адбыліся ў Пружанах, Баранавічах, Наваградку, Івянцы, Менску. Усяго адбылося каля 20 розных выставаў, канфэрэнцыяў, прысьвечаных Рэйтану.
Апагеем сталі выставы ў Нацыянальнай бібліятэцы, у Палацы мастацтваў, у Цэнтры сучаснага мастацтва і Доме-музэі Ваньковіча.
Выставы ў дзяржаўных установах і артыкулы ў афіцыйных СМІ, на думку Юркевіча, вельмі важныя. Яны легітымізуюць статус асобу Рэйтана на дзяржаўным узроўні.
Зьмітру Юркевічу за 5 гадоў удалося знайсьці сотні дакумэнтаў пра род Рэйтанаў. Ён здолеў абвергнуць шэраг мітаў, зьвязаных зь ягонай біяграфіяй. Адзін зь дзяржаўных тэлеканалаў зьняў дакумэнтальны фільм пра Рэйтана. Арт-суполка лістуецца з Ляхавіцкім райвыканкамам, Менгарвыканкам, каб надаць імя Рэйтана ўстановам і вуліцам. Пасьля аднаго з такіх зваротаў імя Рэйтана было ўнесена ў сьпіс людзей, імя якога прапанавана для ўшанаваньня ў сталіцы.
«Мы лічым, што ў беларускіх гарадах павінны зьявіцца вуліцы, сквэры, шыльды, помнікі, школы і вайсковыя часткі імя Рэйтана. Мы таксама не маглі дазволіць, каб сядзібу прадалі і ператварылі ў більярдную. І мы дамагліся таго, каб сядзіба засталася ў дзяржаўнай уласнасьці» — гаворыць Юркевіч.
Ужо ня першы год Арт-суполка змагаецца за наданьне вуліцы ў Ляхавічах імя Рэйтана. Гэтую ініцыятыву блякуе міт пра, нібыта, самагубства Рэйтана. Двойчы гэтае пытаньне ўздымалася ў Ляхавіцкім райвыканкаме. Першы раз супраць былі некаторыя прадстаўнікі праваслаўнай царквы, якія выказаліся супраць ушанаваньня «самагубцы». Празь некалькі гадоў, падчас апытаньня, жыхары Ляхавічаў выказаліся супраць па той жа прычыне, бо «баяцца жыць на вуліцы самагубцы». Але ў той жа час ляхавіцкія актывісты сабралі тысячу подпісаў жыхароў за наданьне вуліцы яго імя.
Сваімі ідэямі «рэйтанаўцы» захапілі і мясцовыя ўлады. Ужо некалькі гадоў запар яны ладзяць у Грушаўцы раённы суботнік і фэст «З крыніц спрадвечных».
Цяпер Зьміцер Юркевіч рыхтуе артыкул на падставе гістарычных матэрыялаў, які разаб’е міт пра самагубства Рэйтана.
«Каронны» міт
Але гэта не адзіны міт, які Зьміцер Юркевіч ня першы год абвяргае. Ён змагаецца з успрыняцьцем Рэйтана як польскага героя, які змагаўся за незалежную Польшчу.
«Рэч Паспалітая Абодвух Народаў не была ўнітарнай дзяржавай. І пагатоў не ў часы Рэйтана. Тадэвуш Рэйтан належаў да старабеларускага шляхецкага роду. З 1630-ых гадоў яны жылі ў ВКЛ, служылі ў войску літоўскім. ВКЛ не было правінцыяй Польшчы. Гэта былі дзьве аўтаномныя часткі. У іх былі свае межы, урады і бюджэты. Рэйтан выступіў і супраць права палякаў праводзіць Сойм на іхнай тэрыторыі. Гэты момант польскія гісторыкі і публіцысты абыходзяць увагай» — кажа Юркевіч.
Дасьледчык архівіст прыводзіць адзін з фактаў такой маніпуляцыі. У 1935 годзе польская дасьледчыца Ванда Каньчыньска замяніла словы «Інструкцыі» Рэйтана, дзе вялося пра Рэч Паспалітую на «Польшчу».
Паводле Юркевіча, ад таго часу Рэйтан мусіць коштам уласнага жыцьця бараніць межы Польшчы. Гэтая маленькая дывэрсія пацягнула за сабой шлейф няпраўды.
Цягам усіх трох падзелаў палякі, паводле Юркевіча, былі зьдзіўленыя неверагоднай упартнасьцю ліцьвінаў. Ён прыводзіць цытату польскага дэпутата, які кажа іншаму:
Льцьвіны так упарта адстойваюць свае літоўскія правы, статус ВКЛ, што не жадаюць адступаць ані на ёту. Дык мо і нам стаць ліцьвінамі?
«Палякам крыўдна, што сярод 86 польскіх дэпутатаў, не знайшлося аніводнага роўнага Рэйтану, які б да канца бараніў радзіму. Ліцьвінаў было 24». — кажа Юркевіч. — Палякі не захацелі рызыкаваць жыцьцём. Рэйтан, Корсак і Багушэвіч, маладыя беларускія дэпутаты, пайшлі да канца. А зь цягам часу з Рэйтана зрабілі паляка. Ён — беларускі герой. Першы герой нашага, пакуль ня створанага, нацыянальнага пантэону".
Але па іроніі лёсу аднаўляцца сядзіба Тадэвуша Рэйтана будзе дзякуючы менавіта палякам. Сродкі Эўразьвязу, якія атрымае беларускі бок, вылучаны на праект, які каардынуе Польшча. У беларускім бюджэце грошай на музэй нацыянальнаму герою не знайшлося.
Але ня толькі грошы тут важныя. Дзейнасьць Арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана паказала, што за пару гадоў некалькі чалавек могуць вырваць з забыцьця любую гістарычную асобу і прыцягнуць увагу да яе спадчыны. Калі ёсьць ідэя і гарачыя прыхільнікі, якія здольныя яе ажыцьцяўляць.