«Альгарытм дзеяньняў такі. У Кіеве цяпер праходзіць Парлямэнцкая асамблея „Усходняга партнэрства“ — „Эўранэст“. Перад яе пачаткам адбыліся палітычныя дыскусіі. На іх мы ўзьнялі пытаньне аб неабходнасьці ўзмацніць беларускую тэму на брусэльскім саміце „Усходняга партнэрства“. І згоду на гэта ад нашых заходніх партнэраў з Эўрапейскай народнай партыі атрымалі», — сказаў Лябедзька.
Кіраўнік АГП адзначыў, што напярэдадні саміту «Ўсходняга партнэрства» ў Брусэлі 24 лістапада тамсама пройдзе і саміт Эўрапейскай народнай партыі.
«На ім лідэры Эўрапейскага зьвязу, якія ўваходзяць у Эўрапейскую народную партыю, напрыклад спадарыня Мэркель, пачуюць наша пасланьне, і я спадзяюся, не забудуцца пра яго на наступны дзень, — расказаў адзін зь лідэраў беларускіх правацэнтрыстаў. — Беларускія ўлады хацелі б абмежавацца ў Брусэлі абмеркаваньнем эканамічных пытаньняў. А мы ўпэўненыя, што без свабодных выбараў, без незалежнага суду, без дэмакратычных рэформаў наагул немагчыма правесьці рэформы эканамічныя».