У Беларусі прыкладна 30% дзяцей маюць лішнюю масу цела або атлусьценьне.
Пра гэта, як перадае карэспандэнт агенцтва «Минск-Новости», паведаміла загадчыца лябараторыі праблем здароўя дзяцей і падлеткаў РНПЦ «Маці і дзіця», кандыдат мэдыцынскіх навук Маргарыта Дзевялтоўская.
«У ЗША дзяцей зь лішняй вагой налічваецца 81%, і амэрыканскія дасьледчыкі расцэньваюць гэтую лічбу як катастрафічную, — кажа Дзевялтоўская. — Вядома, у Беларусі колькасьць дзяцей зь лішняй вагой не такая крытычная, аднак амаль траціна — гэта таксама шмат».
На думку спэцыялісткі, адной з прычынаў зьяўленьня лішніх кіляграмаў у дзяцей зьяўляецца гіпадынамія (маларухомы лад жыцьця).
«Школьнікам рэкамэндуецца тры разы на тыдзень займацца ў спартовых сэкцыях. Раніцай, увечары — не прынцыпова. Галоўнае, каб у дзяцей была рэгулярная фізычная нагрузка», — адзначае спэцыяліст.
У цэлым, паводле дасьледаваньня, праведзенага Міністэрствам здароўя Беларусі і Ўсясьветнай арганізацыі здароўя (WHO), на 2017 год залішнюю масу цела мае 60,6% насельніцтва Беларусі. Ад вісцэральнага атлусьценьня (калі залішні тлушч утвараецца вакол унутраных органаў) у краіне цярпяць 63,5% жанчын і 42% мужчын. У 25,4% беларусаў назіраецца атлусьценьне.