Як піша Associated Press, Таяні лічыць правільным адхіленьне ад сваіх пасадаў лідэраў Каталёніі і прызначэньне новых выбараў у рэгіянальны парлямэнт. Ён перакананы, што выбары дазволяць каталёнцам вырашыць, які ўрад яны хочуць мець. Новыя выбары прызначаны на 21 сьнежня.
«Усё павінна адбывацца ў адпаведнасьці з канстытуцыяй Гішпаніі», — канстатаваў кіраўнік Эўрапарлямэнту.
Антоніё Таяні таксама дадаў: Эўропа спадзяецца, што дыялёг можа дапамагчы вырашыць складаную сытуацыю, аднак гэта не азначае, што Эўразьвяз будзе выступаць пасярэднікам.
Вялікія эўрапейскія дзяржавы — Нямеччына, Вялікабрытанія, Францыя, Італія — адмовіліся прызнаваць незалежнасць Каталёніі, паколькі, на іх перакананьне, Гішпанія павінна заставацца адзінай.
За аддзяленьне рэгіёну прагаласавалі 70 дэпутатаў у 135-мандатным каталёнскім парлямэнце, 10 былі супраць. Дэпутаты трох партый, якія выступаюць супраць аддзяленьня, пакінулі пасяджэньне парлямэнту перад галасаваньнем.
На наступным тыдні Генэральная пракуратура Гішпаніі зьбіраецца выставіць кіраўніку рэгіянальнай выканаўчай улады Каталёніі Карлесу Пудждэмону абвінавачаньне ў мяцяжы.
Заканадаўства каралеўства прадугледжвае, што за падрыхтоўку бунту вінаватыя могуць быць асуджаныя да пазбаўленьня волі на 30 гадоў.
Былы каталёнскі лідэр, які пазбавіўся сваёй пасады, 28 кастрычніка заклікаў каталёнцаў да мірнага супраціву захопу з боку Гішпаніі.